Вадзька — валадар маланак. Ён пстрыкае зашпількай і высякае іскры. «Дзынь! Крах! Бам!» — грымоты аддаюцца ў пальцах.

— Дай дапамагу! — мама перахапляе лятунок.

«Ж-ж-жухнуў!» — маланка праразае неба да самага падбародзя. У Вадзькі так не атрымваецца. Маму маланкі слухаюцца лепш.

— Толькі давай без фокусаў, — кажа мама.

Вадзька ўздыхае і засоўвае назад у рукаў чароўны кіёк, звязак шматкаляровых хустак, ружу, цэлы кветнік руж, лес, горы і акіян. Толькі зайца пакідае. Заяц сам вылез.

Вадзька акуратна, двума пальчыкамі, чапляе яго за вушы і разглядае на святло. Заяц зусім маленечкі і бязважкі, як пёрка.

— Вадзька, не псуй курткі! Давай ужо руку… Спазняемся!

Рукавіца праглынае пальцы, але заяц паспявае ад яе збегчы. «Як бы не пабіўся! — Вадзька ўсхвалявана круціцца. — Да падлогі о-го-го колькі!»

— Малы, не круціся! Пастой спакойна, калі ласка!

Абышлося! Заяц умее лётаць. Вадзька назірае, як ён плыўна лунае ў сонечнай палосцы.

— Выклікай ліфт!

Вадзька падыходзіць да справы з усёй адказнасцю. Адпраўляцца ў экспедыцыю — гэта вам не зайцоў з рукава цягнуць, тут патрэбна сабранасць. Мама заклапочана глядзіць на гадзіннік, цмокае языком, але на кнопку не замахваецца. Ведае, што нельга. Кнопка толькі Вадзькава!

Дом бурчыць ліфтам, як волат пустым страўнікам. Дзверы адчыняюцца, і Вадзька з мамай крочыць у кабінку. Ступіць трэба шырока, так, каб не трапіць нагой у бездань.

Яшчэ адна Вадзькава кнопка, і кабінка пачынае свай спуск да цэнтра зямлі. Там, пад пластамі пяці паверхаў, спачываюць косткі дыназаўраў і рэшткі старажытных цывілізацый.

— Стой! — камандуе мама і апускаецца перад Вадзькам на калена. Яна нацягвае каптур наўзверх шапкі і шчыльна прымотвае яго шалем.

Агляднасць моцна зніжаецца, і Вадзька разумее, што зараз ён у скафандры. Адкрыты космас скубае шчокі і слепіць вочы невыноснай беллю. Удзень космас заўсёды белы, але Вадзька ведае: пройдзе час, няўяўна шмат часу — і космас пацямнее.

— Вадзька, наш аўтобус! Давай руку!

Ракета выкідвае доўгі шнур. Вадзька ловіць яго. Стыкоўка прайшла паспяхова, можна ўзлятаць! Ракета стартуе без адліку і ў імгненне дасягае хуткасці святла. Як добра, што Вадзька прывязаны!

Калдабаючы коламі снежную кашу, да прыпынку падлятае грузны касмічны лайнер. Ракета з касманаўтам паспявае заляцець на борт перад самым зачыненнем шлюзаў.

Склад паветра прыдатны. Мама дазваляе зняць шлем.

Вадзька вывучае пасажыраў: адныя незнаёмцы. Але як толькі ён прыглядаецца да некага асобнага, тут жа разумее, што ведае пра яго ўсё: з якой той планеты, чым сілкуецца, дзе пад курткай схаваныя жабры і запасная пара рук, колькі ў яго дзяцей, сабакаў ці ручных марсіянскіх смаўжоў.

Мама глядзіць у галаграфічны планшэт. У яе важная місія: маніторыць становішча ў Сусвеце, і Вадзька не адцягвае.

Іх планета, пара выходзіць. Знадворку мінус пяцьсот градусаў па Цэльсію, ізноў даводзіцца нацягнуць шлем.

На перавальнай базе нянечка абураецца, што Вадзька зноў спазніўся на сняданак. Мама просіць прабачэння за тое, што яны з касманаўтам праспалі.

Скафандр вешаюць у шафку. Калі дзверцы зачыняюцца, Вадзька заўважае, што з рукава тырчаць яшчэ адныя белыя вушы. Ён так рады!

 

***

 

На слупе падвешана поўня. У яе святле зіхацяць мільярды зорак. Вадзька прыжмурваецца — зоркі адрошчваюць прамені і робяцца бліжэй. Яны з мамай павольна крочаць па зорках.

— Што сёння цікавага было ў садку? — пытае мама.

Вадзька задумваецца, абіраючы з чаго пачаць. Сёння было бясконцым. Сёння ўзнікла так даўно… няўяўна даўно — калі космас яшчэ быў белым.

Сёння Вадзька пражыў мільярды жыццяў.  Ён бярэ маму за руку, набірае поўныя лёгкія паветра і пачынае адпачатку.