Калі космас быў белым

Вадзька — валадар маланак. Ён пстрыкае зашпількай і высякае іскры. «Дзынь! Крах! Бам!» — грымоты аддаюцца ў пальцах.
— Дай дапамагу! — мама перахапляе лятунок.
«Ж-ж-жухнуў!» — маланка праразае неба да самага падбародзя. У Вадзькі так не атрымваецца. Маму маланкі слухаюцца лепш.
— Толькі давай без фокусаў, — кажа мама.
Вадзька ўздыхае і засоўвае назад у рукаў чароўны кіёк, звязак шматкаляровых хустак, ружу, цэлы кветнік руж, лес, горы і акіян. Толькі зайца пакідае. Заяц сам вылез.
Вадзька акуратна, двума пальчыкамі, чапляе яго за вушы і разглядае на святло. Заяц зусім маленечкі і бязважкі, як пёрка.
— Вадзька, не псуй курткі! Давай ужо руку… Спазняемся!
Рукавіца праглынае пальцы, але заяц паспявае ад яе збегчы. «Як бы не пабіўся! — Вадзька ўсхвалявана круціцца. — Да падлогі о-го-го колькі!»
— Малы, не круціся! Пастой спакойна, калі ласка!
Абышлося! Заяц умее лётаць. Вадзька назірае, як ён плыўна лунае ў сонечнай палосцы.
— Выклікай ліфт!
Вадзька падыходзіць да справы з усёй адказнасцю. Адпраўляцца ў экспедыцыю — гэта вам не зайцоў з рукава цягнуць, тут патрэбна сабранасць. Мама заклапочана глядзіць на гадзіннік, цмокае языком, але на кнопку не замахваецца. Ведае, што нельга. Кнопка толькі Вадзькава!
Дом бурчыць ліфтам, як волат пустым страўнікам. Дзверы адчыняюцца, і Вадзька з мамай крочыць у кабінку. Ступіць трэба шырока, так, каб не трапіць нагой у бездань.
Яшчэ адна Вадзькава кнопка, і кабінка пачынае свай спуск да цэнтра зямлі. Там, пад пластамі пяці паверхаў, спачываюць косткі дыназаўраў і рэшткі старажытных пірамід.
— Стой! — камандуе мама і апускаецца перад Вадзькам на калена. Яна нацягвае каптур наўзверх шапкі і шчыльна прымотвае яго шалем.
Агляднасць моцна зніжаецца, і Вадзька разумее, што цяпер ён у скафандры.
***
Адкрыты космас скубае шчокі і слепіць вочы невыноснай беллю. Удзень космас заўсёды белы, але Вадзька ведае: пройдзе час, няўяўна шмат часу — і космас пацямнее.
— Вадзька, наш аўтобус! Давай руку!
Ракета выкідвае доўгі шнур. Вадзька ловіць яго. Стыкоўка прайшла паспяхова, можна ўзлятаць! Ракета стартуе без адліку і ў імгненне дасягае хуткасці святла. Як добра, што Вадзька прывязаны!
Калдабаючы коламі снежную кашу, да прыпынку падлятае грузны касмічны лайнер. Ракета з касманаўтам паспявае заляцець на борт перад самым зачыненнем шлюзаў.
Склад паветра прыдатны. Мама дазваляе зняць шлем.
Вадзька вывучае пасажыраў: адныя незнаёмцы. Але як толькі ён прыглядаецца да кагосьці асобнага, тут жа разумее, што ведае пра яго ўсё: з якой той планеты, чым харчуецца, дзе пад курткай схаваныя жабры і запасная пара рук, колькі ў яго дзяцей, сабакаў ці ручных марсіянскіх смаўжоў.
Мама глядзіць у галаграфічны планшэт. У яе важная місія: маніторыць становішча ў Сусвеце, і Вадзька не адцягвае.
Іх планета, пара выходзіць. Знадворку мінус пяцьсот градусаў па Цэльсію, ізноў даводзіцца нацягваць шлем.
На касмічнай станцыі нянечка абураецца, што Вадзька зноў спазніўся на сняданак. Мама просіць прабачэння — яны з касманаўтам зноў праспалі.
Скафандр вешаюць у шафку. Калі дзверцы зачыняюцца, Вадзька заўважае, што з рукава тырчаць яшчэ адныя белыя вушы.

***
Заяц замкнёны ў шафцы, а Вадзька ў групе. За акном бялее космас і цішыня. За спінай стракацяць цацкі й шум. Вадзька сядзіць у памежжы.
— Валошкін, злезь з падваконня! Дзеці, сядайце за сталы. Будзем выразаць авал!
Нажніцы не жадаюць супрацоўнічаць, пальцы блытаюцца ў кольцах. Пальцаў занадта шмат. Вадзька спрабуе злічыць: адзін… два… тры… Ён добра лічыць — да мільярда.
— Валошкін, рэж авал!
Мільярд пальцаў насілу адольвае кольцы. З кольцамі атрымліваецца, з авалам не. Бліскаюць лёзы, бліскаюць грані авала. Колькі ў авала граняў? Вадзька лічыць: адна… дзве… тры…
— Валошкін! Хіба гэта авал?!
Пальцы выхавалькі мільгаюць гэтак хутка, што Вадзька не здольны іх падлічыць. Яны ўлёгкую даюць рады і з нажніцамі, і з паперай.
— Вось гэта авал!
На стол перад Вадзькам кладзецца нешта нуднае, доўгае і круглявае. У круглявага няма граняў і няма таямніц. Вадзьку нудна і круглява.

***

— Вольны час. Гуляйцеся!
Вадзька хоча быць часам. Час вольны. У космасе за вакном павольна лунаюць пухнатыя зоркі.
— Ты кіч! — калючая далонька ляпае па спіне.
— Я час! — пярэчыць Вадзька і бяжыць.
Час бяжыць за дзяўчынкай Янькай. У Янькі дзве незразумелага колеру косачкі. Час хоча зразумець іх колер і хапае за адну. Янька спыняецца і час спыняецца таксама.
Колер навобмацак мяккі, цёплы і вельмі гучны.
— Валошкін, адпусці Яжову! — Вадзька не хоча адпускаць мяккі колер, але Янька колецца гукам, а выхавалька мільярдам пальцаў. — Хадзі ў кут!
Вадзька памыліўся. Час не вольны.

***
У куце спякотна. У куце дзевяноста градусаў і надарваная шпалера. Пад шпалерай нязведаны свет. Пальцы Вадзькі даследнікі і першаадкрывальнікі. Ніхто да іх тут не бываў, апроч ранейшых цывілізацый. Ранейшыя цывілізацыі пакінулі сляды свайго існавання — зусім іншыя — старыя шпалеры. А пад імі яшчэ! Колькі ж цывілізацый змянілася ў гэтым спякотным куту! Ішлі тысячагоддзі, змяняліся пакараныя дзеці, змяняліся шпалеры. Час, замкнёны ў куце, не літаваў нікога. Вадзька плача. Яму шкада цывілізацыі, дзяцей і шпалеры.
— Выходзь, Валошкін! І больш не цягай дзяўчатак за косы.

***

Лыжкі дзінькаюць аб талеркі. Суп хлюпае і нясмачна пахне. Калготкі кусаюць попу. Час не літуе шпалер. Жыццё не задалося.

***

Калготкі кусаюць попу й каленкі. Вадзька круціцца на крэсле. Не дапамагае.
— Сонны час!
Час не пашкадаваў і калготак. Цяпер іх можна зняць. На каленках застаюцца сляды ўкусаў. Цікава, на азадку такія ж? Вадзька спрабуе разгледзець, але попа недасягальная погляду. Ад вачэй яе аддзяляюць майткі, мільёны кіламетраў і няздольнасць шыі павярнуцца яшчэ трохі.
— Валошкін, у ложак!
Вадзька правальваецца ў прасцінную гурбу. Яна падобная на сапраўдную, але мякчэй і цяплей. Белая прасцінка, белая коўдра, белая падушка і белы космас за вакном. Зоркі мякка падаюць.
— Заплюшчвайце вочы!
Вадзька зажмурваецца і космас пад вейкамі робіцца чорным. Такім чорным, быццам вось – вось прыйдзе мама.

***

Вадзьку сняцца касмічныя шпалеры. Яны ў зоркі і палосачку. І яшчэ трохі ў Вадзьку і маму. Вадзька, у сваім пуховым скафандры, ляціць да мамы. Ледзь яны кранаюцца адно аднаго, як зверху на касмічныя шпалеры апускаюцца новыя. На новых няма ні зорак, ні палосачак, ні матулі. Вадзькі там таксама няма. Вадзьку, і маму, і зоркі, і палосачкі накрывае спякотным, вільготным, авальным кутом.
Вадзька спрабуе крычаць, але гук не выходзіць. У новай шпалернай цывілізацыі занадта пуста для зорак, палосачак, Вадзькі, мамы і крыку.
Вадзька прачынаецца. У яго прасціннай гурбе горача й вільготна.
— Валошкін, што здарылася? Валошкін… Ну як ні сорамна?! Ты ж ужо дарослы хлопчык!
Вадзька сапраўды дарослы — ён разумее, што ёсць рэчы важнейшыя за мокрыя майткі. Вадзька правярае. Іх цывілізацыя яшчэ жывая.
Космас за вакном пасінеў.

***

Кісель хлюпае і нясмачна пахне. Хто прыдумаў кісель?! Хто яго вынаходнік? Пэўна ён ненавідзеў дзяцей!
Вадзька спрабуе піць кісель, але ў роце той падобны да медузы. Вадзька не хоча піць медузу і выплёўвае яе назад у кубачак. Кісель паказвае Вадзьку язык. Вадзька паказвае язык кісялю.
— Вадзім, не гуляйся з ежай! — нянечка пагражае пальцам.
Кісель яхідна хіхікае.
— Не гуляйся з едаком! — Вадзька пагражае пальцам кубачку.
Булка з макам пахне смачна. Той, хто прыдумаў булку з макам, дзяцей любіў.

***

— Сняжынкі круцяцца! Валошкін, ты што сняжынка? Ты зайчык! Зайчыкі скачуць!
Вадзька не хоча скакаць, ён хоча круціцца, як ранішні заяц у палосцы святла. Калі круцішся, усё вакол ператвараецца ў каляровыя лініі і здаецца, што ты планета Сатурн. Калі скачаш, вушы спаўзаюць на лоб.
— Зайчыкі бяруць за рукі сняжынкі. Топ-топ-топ! Плясь-плясь-плясь! Скок-скок-скок! Дзеці, збярыцеся! Вы гэтак і на ранішніку выступаць будзеце?
Вадзька не можа сабрацца. Сабрацца — гэта калі весь у адным месцы, а ў яго адваліліся думкі і вушы.
— Становімся ў карагод! Валошкін, ты куды?
— Па вушы!
Вадзька апускаецца на карачкі і спрабуе злавіць вушы. Вакол тупаюць сняжынкі. Вадзька баіцца, што яны яго стопчуць. Вушы бялеюць зусім побач. Думкі быццам бы таксама, але схапіць іх складаней.
Насамрэч у Вадзькі заўсёды пры сабе думкі, але не заўсёды слушныя. Слушныя — гэта такія, якія патрэбныя дарослым. Пра авал, пра суп і пра сухія майткі. Яны завуць іх «канцэнтрацыя». Дарослыя заўсёды ведаюць, у які час і якія думкі трэба думаць дзецям. Вадзька вучыцца «канцэнтравацца».
Ён ловіць вушы і думкі. Вушы белыя, але трохі брудныя. Думкі слушныя, але трохі позна.
— Валошкін, станавіся! Тая-а-ак! Пачнём спачатку!

***

Выхавалька зноў аб’яўляе, што час вольны, але Вадзька ёй ужо не верыць. Ён ведае, што час замкнёны ў спякотным куце з загінуўшымі цывілізацыямі шпалераў.
Вадзька глядзіць на космас. Космас набірае гушчыню. Яшчэ нейкіх паўстагоддзя — і ён счарнее.
Побач сапе дзяўчынка Янька з незразумелымі косачкамі. Вадзька паказвае ў акно.
— Глядзі, космас таксама незразумелага колеру.
— Ён амаль чорны, але ўсё яшчэ сіні, — кажа Янька.
Вадзька разумее, што Янька таксама разумее. Унутры робіцца цяпло. Яны разам глядзяць у акно і разумеюць.

***

Нянечка чытае казку, а Вадзька чытае нянечку. Вадзька можа чытаць амаль усе літары і амаль усіх людзей. На нянечцы напісана: «Я так стамілася. Я хутка ператваруся ў гарбуз.»
— Лепш у карэту, — раіць Вадзька.
— Што, Вадзім? — перапытвае нянечка.
— Карэта лепшая за гарбуз, — тлумачыць ён.
— Прычым тут «Папялушка»? Мы чытаем «Рэпку»!
Вадзька таксама не можа зразумець прычым тут «Папялушка». Ён проста лічыць, што карэта лепшая за гарбуз. І лепшая за рэпку, калі ўжо на тое пайшло! Што тут незразумелага?
Нянечка не разумее. Нянечка нават не хоча зразумець. Яна працягвае чытаць: «Жучка за ўнучку, унучка за бабку, бабка за дзедку…»
Падобна яна ўжо ператвараецца ў гарбуз.
І ўсё ж-такі шкада, што не ў карэту!

***

Па Вадзьку прыходзіць тата. У яго з сабой марозны пах космасу. Вадзька абдымае тату. Тата — амаль, як мама, але ў яго нельга змясціцца цалкам. У маму можна, хоць будуць тырчаць ногі. Калі абдымае тата, ногі не тырчаць, але не хапае крыху месца для выдыху. Такога месца, у якое можна выдыхнуць да канца і стаць лёгкім-лёгкім, як ранішні заяц. Як ранішні Вадзька.
Тата хутае ў скафандр.
— Як ты падрос! Ледзь змяшчаешся!
Тата працягвае далонь. У яго далонь лёгка змясціцца не толькі Вадзькава далонька, але і сам Вадзька цалкам. А яшчэ мама. І Янька. І цэлы космас!
Калі Вадзька падрасце да памераў таты, у яго таксама будзе бясконцая далонь. Касмічная далонь! Такая, у якой змесціцца і сам тата, і мама, і цэлы свет! І, мабыць, яшчэ Янька з яе незразумелымі косачкамі.
Калі Вадзька падрасце ў яго таксама будзе барада. Ці не будзе. Вадзька яшчэ не вырашыў. Тата кажа, што ён сам зможа вырашыць.
Вадзька не можа вырашаць, што будзе на абед. Вадзька не можа вырашаць, калі яму гуляць і калі спаць. Вадзька не можа вырашаць праблемы і задачкі. Але Вадзька можа вырашыць, ці будзе ў яго барада.
Вадзьку падабаецца татава барада — у ёй можна схаваць васьмінога з кіндар-сюрпрыза. Але не падабаецца, як яна шурпаціцца, калі тата цалуе ў шчаку. Калі Вадзька дарасце да памераў таты, ён зможа зрабіць сабе такую бараду, у якую змесціцца сапраўдны жывы васьміног. Ці не рабіць ніякую, каб не шурпаціць сябе самога. Вадзька яшчэ разважае. У яго яшчэ ёсць час.

***

Вадзька ідзе з татам за руку. Яны ідуць па чорным космасе. Недзе там мама.
Тата і мама вельмі розныя. Мама чытае яму «Церамок», а тата «Чайку па імені Джонатан Лівінгстан». Мама лічыць, што Вадзька менш, чым ён ёсць, тата лічыць, што больш. Мама лічыць, што Вадзька не зразумее «Чайку» — ён і не разумее. А яшчэ Вадзька не разумее, навошта мядзведзь палез у церамок — ён жа відавочна не змесціцца, фінал прадказальны. Мядзведзь дурань.
Калі Вадзька задае маме складанае пытанне, яна кажа: «гэта складана. Ты пакуль не зразумееш». Калі Вадзька задае складанае пытанне тату, ён кажа: «гэта проста. Вось глядзі…» і тлумачыць. Звычайна Вадзька не разумее. Мама мае рацыю — ён яшчэ маленькі, але яму прыемна, калі тата тлумачыць.
З мамай у Вадзькі часта ўзнікаюць канфлікты з-за нязгод у меню. Мама лічыць, што марозіва — гэта не ежа. З татам прасцей. Тата паціскае плячыма і кажа: «ну, у прынцыпе, марозіва — гэта малако, а малако — бялок», і яны разам вячэраюць марозівам.
Мама і тата розныя. Мама пахне цяплом, тата прыгодамі. У мамы дрэнны голас, але добры слых, таму яна зрэдку спявае. У таты добры голас, але дрэнны слых, таму ён спявае ўвесь час.
Калі мама стамляецца, яна ператвараецца ў гарбуз. Тады тата робіцца карэтай і вязе Вадзьку шукаць прыгоды.
Калі тата стамляецца, ён засынае. Тады прыгоды Вадзька шукае з мамай.
У мамы і ў таты розныя прыгоды. Мама прыдумляе пірацкі скарб, загадкі і палосу перашкодаў. Вадзьку гэта вельмі падабаецца. Затое з татам можна калупаць палкай сабачую какашку. Гэта Вадзьку таксама падабаецца.
Вадзька не ведае, які ён: больш, як мама ці больш, як тата. Напэўна, як яны абодва адразу — розны.

***

— Тата, а што гэта за колер? Вось такі, — і ён паказвае рукамі які. Атрымліваецца кепска. Жэстамі складана апісаць колер Янькіных косачак. Падобна, іх колер занадта незразумелы нават для таты.
***

Крокі рыпаюць: «рып… рып…»
— Чым мацней мароз, тым больш крохкія сняжынкі, — тлумачыць тата, — гэта яны так ламаюцца.
Вадзька плача. Яму шкада ламаць сняжынкі.
Тата абдымае. У яго барадзе змяшчаюцца ўсі соплі, слёзы і васьміногі. Пэўна, Вадзька ўсё ж-такі вырасціць сабе бараду.
— Ты так засмуткаваў праз сняжынкі?
— Так. А яшчэ праз шпалеры. Яны таксама загінулі.
— Мне шкада, маленькі. Я з табой!

***
Яны ідуць па цёмных дварах. Можна ісці па асветленых ходніках, але Вадзьку больш падабаецца ў цемры. Тады падаецца, бы яны ляцяць у космасе. Вокны — гэта зоркі. Жоўтыя, белыя і навагоднія.
— Тата, а дзе сканчаецца космас?
— Хм… — тата задумваецца. — Нідзе. Космас бясконцы. Разумееш?
— Разумею. А што за бясконцым космасам?
— За космасам?
— Так. Што там, дзе «нідзе».
— Нічога. Толькі космас.
— Яшчэ адзін космас. Выходзіць, наш космас унутры іншага космасу?
— Нешта я заблытаўся ў космасах.
— Як васьміног у барадзе?
— Так!
Тата смяецца, падхапляе Вадзьку і падкідвае яго ў самы космас. Вадзька лунае ў бязважкасці мільён светлавых гадоў. За гэты час на Зямлі паспяваюць вырасці бароды ва ўсіх дзяцей і дзяцей іх дзяцей. Змяняюцца цывілізацыі шпалераў і патаптаных сняжынак. Нараджаюцца і выпіваюцца кісялі. Толькі тата нікуды не знікае. Тата чакае. Вадзька далятае да ўскраіны галактыкі і назад. Тата ловіць, як заўжды.

***

Вадзька бачыць маму. Вадзька бяжыць насустрач.
«Рып-рып… рып-рып…»
Сняжынак больш не шкада.
Вадзька змяшчаецца ў маму і выдыхае. Загінуўшых шпалераў таксама ўжо не шкада.

***

— Мама, а які гэта колер? — Вадзька паказвае жэстам.
— Русы, — тлумачыць мама. Гэта было не складанае пытанне. Мама разумее колер.

***

На слупе падвешана поўня. У яе святле зіхацяць мільярды зорак. Вадзька мружыць вочы — зоркі адрошчваюць прамені і робяцца бліжэй. Яны з мамай і татам павольна крочаць па зорках.
— Як прайшоў твой дзень? — пытае мама.
Вадзька задумваецца. Дзень прайшоў павольна, рыпаючы сняжынкамі і хлюпаючы супам.
— Што сёння цікавага было ў садку?
Вадзька абірае з чаго пачаць. Сёння было бясконцым. Сёння ўзнікла так даўно… няўяўна даўно — калі космас яшчэ быў белым.
Сёння Вадзька пражыў мільярды жыццяў. Ён бярэ маму за руку, набірае поўныя лёгкія паветра і пачынае адпачатку.