Жыла-была Барашка. Не зусім звычайная барашка, не з тых, што жывуць на лузе і ядуць траўку, а з тых, што па моры плаваюць. Марская барашка.
Выглядала яна амаль так жа ж, як і ўсе звыклыя нам барашкі, толькі воўна яе была з марской пены і ела яна не траўку, а марскую капусту. І калі б нехта захацеў лізнуць нашу Барашку, то адчуў бы салёны прысмак на языку. Але, вядома ж, ніхто Барашку не лізаў.
Жыла Барашка ў моры разам з іншымі марскімі барашкамі. Бесклапотна і весела бавілі яны свой час: то імчаліся навыперадкі па хвалях, то выскоквалі з вады насустрач ветру і тут жа ныралі назад, то высоўваліся на бераг у спаборніцтве, хто прабяжыць па ім далей за іншых. Якраз з адной з такіх гульняў і пачалася прыгода нашай Барашкі.
Яна жвава выскачыла з хвалі на пляж і што моцы пабегла наперад па мокрым пяску, абганяючы сваіх сябровак. Барашка так захапілася, што нават не заўважыла, як апынулася далей за ўсіх. Пеністыя сяброўкі, цурчачы смехам, паскакалі назад у мора, а яна засталася на беразе.
Пад Барашкінымі капыткамі зашалпатаў гарачы пясок. Барашка зрабіла крок, іншы. Усё было так незвычайна і цікава, што яна вырашыла не вяртацца дамоў, а пазнаёміцца з сухім і цёплым светам.
Спачатку Барашка ішла па пяску, потым яна выйшла на гальку. У моры каменьчыкі былі гладкія і слізкія – іх шліфавалі хвалі, а тут, на сушы, яны калоліся і казыталі капыткі. Смеючыся ад козыту, Барашка праскакала па каменьчыках да самага луга. Траўка пад нагамі апынулася далікатнай і прыемнай навобмацак. Да таго ж яна была вільготнай, што вельмі спадабалася марской Барашцы.
На лузе пасвіліся звычайныя барашкі з зусім сухой воўнай.
– Добры дзень! – Ветліва павіталася з сухапутнымі барашкамі Барашка марская.
– Дабрыдзень! – Адказалі яны. – Ты, як мы бачым, нетутэйшая. Ці не жадаеш з намі паабедаць?
– О, дзякуй за прапанову, – абрадавалася Барашка, – я якраз згаладнела.
І ўсе яны сталі жаваць салодкую лугавую траўку. Наеўшыся, марская Барашка запрасіла барашак сухапутных да сябе ў госці пакаштаваць салёную марскую капусту, і яны дамовіліся на нядзелю.
А пакуль вырашылі размяцца. Барашкі весела пабеглі па лузе. Сцежка вяла ў гару і, неўзабаве сухія барашкі стаміліся, а марская скакала ўсё вышэй і вышэй, таму што яна была лёгкай, як пена. Урэшце, яна апынулася на самым версе гары.
Раптам нехта паклікаў Барашку зверху. Яна паглядзела ў неба і ўбачыла воблачкі-барашкі. Завіточкі іх воўны былі зусім бязважкім. Здавалася, калі дакранешся да іх рукой, то нічога не адчуеш.
– Прывітанне! – сказалі воблачныя барашкі, пралятаючы над галавой Барашкі марской.
– Добры дзень! – крыкнула яна. – Чаму вы так хутка леціце? Пачакайце, давайце пагутарым!
– Мы не можам пачакаць, – адгукнуліся ёй у адказ барашкі-воблачкі, – мы залёгкія і нас нясе вецер. Лепш ужо ты даганяй нас!
– Але як? – разгубілася марская Барашка.
– Проста стань парай, і вецер сам падхопіць цябе.
– Я не ведаю, як стаць парай.
Воблачныя барашкі засмяяліся:
– Але ты ўжо выпараешся! Як толькі ты выйшла на сушу, твая воўна стала рабіцца ўсё лягчэй і лягчэй – гэта сонейка і вецер сушылі яе, ператвараючы ваду ў пару. Яшчэ трохі, і ты станеш воблачкам, як і мы. Даганяй!
Марская Барашка прыслухалася да сваіх адчуванняў і сапраўды заўважыла, што робіцца зусім лёгкай, амаль бязважкай. Неўзабаве яна стала белым і пухнатым воблачкам пары. Вецер падняў яе і панёс услед за іншымі. Барашка цешылася лёгкасці і лёту. З вышыні яна памахала сваім сухапутным сябрам, якія хадзілі па лузе далёка ўнізе.
Барашка лётала да самага вечара, але час набліжаўся да вячэры – яна ўжо паспела згаладнець ізноў і да таго ж трохі змерзла. Вечаровае паветра стала халодным і цяжкім. Барашка таксама пачала цяжэць. Яе воўна набрыняла вільгаццю, і ўрэшце Барашка сцякла дожджыкам у роднае мора і зноў зрабілася марской Барашкой.
Ох і насычаны ж дзень выдаўся ў яе! Марская Барашка паспела пабегаць па зямлі, выпарыцца воблачкам, палётаць па небе і разліцца дожджыкам. Яна дала сабе слова абавязкова паўтарыць сваю прыгоду яшчэ раз, а то і не адзін! Але спачатку Барашка як след адпачне і падрыхтуецца да прыёму гасцей. Вы не забыліся ж, што ў нядзелю да яе плануюць прыйсці сухапутныя барашкі? Трэба сабраць больш марской капусты!