Аднойчы Мядзведзь убачыў Сонца.  Глядзіць на яго – а яно такое яркае, што ажно вочы жмурацца.  А калі вочы жмурацца, то абавязкова яшчэ і ўсмешка расплываецца. Мядзведзь усміхацца любіць. Хто ж не любіць усміхацца?

А Сонца паглядзела на Мядзведзя. Мядзведзь белы і Сонца белае. Хораша!

Потым Мядзведзь панюхаў Сонца. Нюхае яго – а яно мандарынкай пахне … і новым годам, канешне (калі пахне мандарынка, то і новы год тут як тут, таксама пахнуць пачынае – гэта ўсе ведаюць). Спадабалася Мядзведзю, як Сонца пахне. Каму ж новы год і мандарынкі не падабаюцца?

А Сонца Мядзведзя панюхала. Ён пахне снегам і елкай. Карацей, таксама Новым годам. Прыемна!

Падабаецца Мядзведзю Сонца, і Сонцу падабаецца Мядзведзь. Коціцца Сонца па небе (гэта праца ў яго такая: каціцца па небе ўвесь дзень), а Мядзведзь следам ідзе. Нос у Сонца ўпёр – нюхае, вочы ад задавальнення заплюшчыў, усміхаецца.

Вось ідуць яны разам міма чукчаў, міма эскімосаў, міма аленяў паўночных. Чукчы, эскімосы і алені ім усміхаюцца і махаюць услед. Любяць яны – чукчы, эскімосы і алені, – калі Сонейка на небе, аднак!

А Сонца ўсё ніжэй коціцца. Тады Мядзведзь вырашыў памацаць Сонца. Дакрануўся – а яно такое цёплае, такое мяккае!

«Усё, – вырашыў Мядзведзь, – маё Сонейка!» Узяў Сонца і з неба зняў.

А Сонца Мядзведзя памацала. Ах, які ж ён цёплы і мяккі! Утульна!

Прыціснулася Сонца да Мядзведзя і заснула. А Мядзведзь скруціўся, абняўшы Сонца, і таксама заснуў.

Ноч прыйшла. Уздыхнулі хорам чукчы, эскімосы і алені – яны ведаюць, якая доўгая ў мядзведзяў ноч – амаль паўгады, аднак! Будуць чукчы, эскімосы і алені на зоркі глядзець і цешыцца, што Мядзведзь яшчэ Месяца не бачыў, не нюхаў і не мацаў.

А Мядзведзь і Сонца спяць сабе вобдым. Ім цёпла, мякка і ўтульна. І не зразумела, ці то Сонца мядзведзева, ці то Мядзведзь сонцавы.