Пра тое, як Шэранькі Ваўчок і Соня зваліліся з ложка
Гэта быў адказны дзень для маленькага ваўчаняці. Дакладней, адказная ноч. Ён трошкі хваляваўся, і то зразумела — паспрабуй не хвалявацца маючы такую сямейную гісторыю!
Яго бацька Шэры Воўк і дзед Ваўчара, і прадзед Мацёры Ваўчыдла кусалі за бачкі дзяцей. Не ўсіх, вядома, а толькі тых, хто спаў на краі ложачка. А цяпер надыйшоў час Шэранькаму Ваўчку працягнуць іх справу.
Малы старанна вучыўся, шмат практыкаваўся, кусаючы бачкі яблыкаў і бутэрбродаў, але ўсё ж разгубіўся, убачыўшы перад сабой Соню.
Дзяўчынка ляжала на самым краёчку ложка і ўсміхалася ў сне. Ваўчок спачатку доўга глядзеў на яе, потым асцярожна панюхаў босую пятку, што высоўвалася з-пад коўдры. Цёплы шурпаты нос заказытаў і Соня прачнулася.
— Вой! Хто ты? — здзівілася дзяўчынка.
Ваўчок адскочыў ад нечаканасці. Ні яблыкі, ні бутэрброды ніколі з ім не загаворвалі, а ён жа нават і ўкусіць яшчэ не паспеў…
— Я… — няўпэўнена прамармытаў ваўчаняці. — Я… Шэранькі Ваўчок.
— А я Соня. — Дзяўчынка села на ложку і смела працягнула Ваўчку далонь. — Што ты тут робіш? Прыйшоў са мной пагуляцца?
— Ну-у-у… — Ваўчок нерашуча паціснуў Соніну у руку. — Насамрэч я прыйшоў укусіць цябе за бачок…
— Навошта? — цяпер адхіснулася дзяўчынка.
— Не ведаю… — Ваўчок апусціў вочы. — Разумееш… Так прынята, калі нехта з дзяцей кладзецца на краі ложка.
— Не разумею! — абурана адгукнулася Соня. — Чаму нельга спаць з краёчку?
— Напэўна, каб не зваліцца.
Яны трохі памаўчалі, потым дзяўчынка зноў спытала:
— А сядзець можна? — яна пасунулася да краю ложка і звесіла ўніз босыя ножкі.
— Пра гэта ў маіх падручніках не напісана. Мяркую, што можна, — сказаў Ваўчок і прысеў поруч з Соняй. Ён таксама звесіў уніз свае босыя лапкі.
— А дарослых ты за бачок не кусаеш?
— Не. Дарослых не кусаю. Яны з ложкаў не падаюць. Але нават калі і ўпадуць, то ляцець ім да падлогі не доўга.
Ваўчок і Соня паглядзелі ўніз. Яны былі яшчэ маленькімі і да падлогі ім было вой як далёка!
— Калі звалішся, то палову ночы ляцець будзеш пакуль не прызямлішся, — заўважыла дзяўчынка.
— Ага. — пагадзіўся Ваўчок.
Яны зноў паглядзелі ўніз і вядома ж зваліліся, бо сядзелі з самога-самага краёчка.
Малыя спалохаліся і замружылі вочы ад страху. Але неўзабаве ім стала цікава, і спачатку Соня, а ўслед за ёй і Ваўчок заазіраліся па баках.
Яны ляцелі па цёмна-сінім, пакрытым зорным пылам, небе. Зорачкі мігцелі бы навагоднія гірлянды, а ніжэй сцяліліся каляровыя аблокі. Калі ногі Соні і лапкі Ваўчка крануліся хмарынак, апынулася, што тыя мяккія як пух і пруткія бы батут адначасова. Хто ж утрымаецца ад таго, каб паскокаць?
— Хэ-хэй! — крычала Соня, падлятаючы да самых зор.
— Йу-у-ху-у! — весела падвываў Шэранькі Ваўчок. Абое ўжо і забыліся на свой спалох.
Ваўчок схапіў яскравую зорку і перакінуў яе дзяўчынцы.
— Давай сябраваць!
— Давай! — Соня ўпрыгожала зорчкай валасы. — Толькі, калі будзеш кусацца, я буду драцца! Дамова?
— Дамова!
Абое падскочылі асабліва высока, а потым, стомленыя, паваліліся на спіны. Ваўчок высунуў язык і лізнуў белую воблачную пену.
— Узбітыя вяршкі! Як смачна!
Падсілкаваўшыся сябры паляцелі далей.
Цяпер пад імі былі горы. На адной з вяршынь стаяла самотная вежа, з акенца якой вызірала прынцэса. Яна глядзела як адважны рыцар вядзе бойку з цмокам. Рыцар перамагаў: ён толькі што з’еў белага каня, які належаў цмоку.
Але хвалявацца не трэба. Конь быў шахматным. І бойка супернікаў таксама была шахматнай.
Нечакана падзьмуў моцны вецер, і Ваўчок з Соняй хутчэй схапіліся за рукі, каб не згубіць адно аднаго.
Пад імі сцяліўся густы лес. Кроны дрэваў гайдаліся пад ветрам і былі падобнымі на велізарнае зялёнае мора. Часам то тут, то там, па ім праплывалі караблі, а з глыбіні лесу вынырнуў кіт і пусціў фантан лісця. Пырскі ахінулі сяброў і скрозь смарагдавую заслону прамільгнула нешта белае. Калі лісце асела, Ваўчок ледзь не сутыкнуўся нос у нос, а дакладней — нос у дзюбу з вялізнай птушкай альбатросам.
— Аёй! — альбатрос ледзь пазбег сутыкнення. — Адкуль вы тут узяліся, малыя?
— Мы падаем з ложку, — Соня паказала пальцам угару, — вы, мо, ведаеце, ці далёка яшчэ да падлогі?
— Не так ужо і далёка, — адказала вялікая птушка, — я якраз лячу ў той бок і магу вас падвезці, калі жадаеце.
— Жадаем! — ўзрадаваліся сябры.
Альбатрос зрабіў крутое піке і злавіў на спіну Ваўчка і дзяўчынку. А потым паляцеў так хутка, што
сустрэчны вецер пачаў здзімаць з белых пёраў сняжынкі.
Матросы з бліжэйшага парусніка, які плыў па лясным моры так узрадаваліся снегу, што пакідалі снасці і сталі ляпіць снегавіка проста на палубе карабля.
А Альбатрос тым часам спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй і ўжо стала магчыма разглядзець падлогу ў Сонінай спальні.
Нарэшце яны прызямліліся. Сябры развіталіся з Альбатросам і той паляцеў па сваіх справах кудысьці пад ложак.
Ваўчок паглядзеў на гадзіннік – прайшла ўжо палова ночы. О, так доўга валіцца з ложку ўмеюць толькі дзеці!
Соня пазяхнула. Яна вельмі стамілася, і, толькі галава кранулася падушкі, адразу ж заснула.
Ваўчок паправіў ёй коўдру і падумаў, што дакладна не будзе кусаць сяброўку за бачок. Не таму, што тая будзе драцца, а таму што… Ну гэта ж Соня! Ён лепш ляжа побач з ложкам і, калі дзяўчынка зноў выпадкова зваліцца, зловіць яе.
Шэранькі Ваўчок згарнуўся клубком на кілімку і таксама заснуў.