Звычайна ніхто нікуды не падаў, але сёння гэта здарылася – Соня звалілася ў сне з ложка. І, вядома, проста на Ваўчка. Па правілах Шэранькі Ваўчок павінен быў кусаць дзяўчынку за бачок, калі тая клалася заблізка да краю. Але яны былі сябрамі, а сябры адно аднаго не кусаюць.
Далёка падаць не давялося, бо Ваўчок злавіў Соню. Яны нават узрадаваліся, што так атрымалася: цяпер можна бавіць час разам!
Соня пазяхнула,паправіла піжамку і намацала адной нагой свой маленькі тэпцік. Яна паспрабавала і другой нагой намацаць тэпцік, але таго нідзе не было.
— Напэўна ён пад ложкам, — выказаў здагадку Ваўчок.
— Пэўна так, — пагадзілася дзяўчынка.
Абое зазірнулі пад ложак, але нічога не ўбачылі, бо там было вельмі цёмна. Соня дастала з камоды ліхтарык і запаліла яго. Апраметную падложкавую цемру разагнала пляма святла.
— Хадзем? — няўпэўнена спытаў Ваўчок.
— Хадзем! — упэўнена вырашыла дзяўчынка.
Сябры ўзяліся за рукі і ступілі пад ложак на пошукі тэпціка.
Спачатку іх маленькі ліхтарык высвятляў толькі падлогу: чыстую там, дзе яе мыла мама і пыльную там, куды швабра не даставала. Неўзабаве ў плямцы святла сталі з’яўляцца сілуэты дрэваў, падлога пакрылася апалым лісцем і ігліцай. Гэтая яе частка не была знаёмай са швабрай увогуле. Даводзілася ўважліва глядзець пад ногі, каб не спатыкнуцца аб карані і пні. Малыя трапілі ў лес.
— Падобна мы ў самым гушчары, — сказаў Ваўчок, — запытацца б ў каго-небудзь дзе сцяжынка. — Гэй! Ёсць тут хто?
— Угу–Угу, — прагучала зверху.
Соня прыўзняла ліхтарык, і ў яго прамені ўбачыла пугача, які сядзеў на ніжняй галіне купчастага дуба.
— Прывітанне, — крыкнула дзяўчынка, — вы не падкажыце нам дзе тут якая-небудзь сцяжынка.
— Угук! — кіўнуў пугач і зляцеў з галінкі — даганяйце!
Ён вывеў малых на лясную дарожку. Тут было ўжо святлей, кроны дрэваў радзелі і праз іх праглядала ўсмешка Маладзіка. Пугач развітаўся і паляцеў назад у гушчар, а Соня з Ваўчком рушылі па сцяжынцы.
Павіхляўшы сярод хмызняку, дарожка прывяла на поле. Лугавыя травы былі такімі высокімі, што даставалі дзяўчынцы і Ваўчку амаль да плеч. Верхавіны каласкоў срабрыліся ў святле Маладзіка, залаціліся ў праменях ліхтарыка і салодка пахлі мёдам.
— Гэтым пахам можна наесціся! — Ваўчок прагна ўцягнуў носам.
— Ага, — аблізнулася Соня, — я ўжо пачуваюся сытай. Паспяшаемся, а то аб’ямося!
І яны пабеглі па полі. Так, смеючыся і абганяючы адно аднаго, сябры выскачылі на бераг возера.
Яно апынулася такім празрыстым, што было бачна як на самым дне русалкі водзяць карагоды і скачуць праз вадзяное вогнішча.
— Што вы святкуеце? — крыкнула ім Соня.
— Мы святкуем ноч народзінаў Маладзіка. Сёння яму спаўняецца пяць дзён. — Крыкнулі ў адказ русалкі. — Хадзіце да нас!
Ваўчок і дзяўчынка любілі святы і, хоць яны звыкліся адзначаць дні народзінаў, а не ночы, з задавальненнем прынялі запрашэнне.
Спусціўшыся на дно возера, яны патанчылі разам з русалкамі і нават пару разоў скокнулі праз вогнішча. Тое зусім не апальвала, бо “гарэла” пырскамі вады. Потым русалка кухарка прынесла святочны торт з марской капусты і Маладзік задзьмуў на ім пяць свечак, пусціўшы рабізну па роўнядзі возера. Усе з’елі па кавалачку торта, а імяніннік ажно цэлых чатыры кавалкі, з-за чаго яго ўсмешка стала яшчэ шырэй.
— Маладзік, калі ты будзеш столькі есці, то станеш зусім поўным, — папярэдзіла яго Соня.
— Нічога, — адказаў той, — стану поўным – схуднею!
— У мінулы раз ён худнеў так старанна, — распавяла адна русалка, — што ўрэшце рэшт знік зусім.
— І нам давялося адкормліваць яго тыдзень да нармальнага стану. — дадала іншая.
Пагасцяваўшы яшчэ трохі на дне возера, Ваўчок і Соня сталі збірацца ў дарогу.
— У вас так весела, — сказаў Ваўчок , — што мы б яшчэ засталіся, але трэба шукаць тэпцік.
Ён задраў галаву ўгару і звярнуўся да Маладзіка:
— Ты выпадкова не бачыў самотнага тэпціка? Соня згубіла яго недзе пад ложкам.
Маладзік на хвілінку задумаўся і кіўнуў.
— Здаецца нейкі тэпцік быў у валацужнай Каметы. Падымайцеся да мяне! — Ён скінуў малым вераўчаную лесвицу.
Караскацца па ёй давялося доўга — у самае неба.
— Каме-е-ета! — гучна паклікаў Маладзік, — падляці сюды, калі ласка!
Усеўшыся на краёчку Маладзіка, Ваўчок і дзяўчынка глядзелі як з космасу да іх ляціць вялікая хвастатая Камета. Калі яна зусім наблізілася, сябры заўважылі той самы тэпцік.
— Прывіт, Камета! Гэта Шэранькі Ваўчок і Соня, — Маладзік кіўнуў на малых. — У цябе іх тэпцік.
Камета войкнула і прыціснула да грудзі сваю знаходку.
— Маё! Не аддамо! – сказала яна плакліва.
— Але чаму? — здзівіўся Ваўчок. — Хіба ёсць карысць ад аднаго тэпціка?
— Так! — выгукнула Камета. — Мяне клічуць валацужнай, бо я не маю дома і ўвесь час бадзяюся па космасе. А тэпцікі — гэта такая хатняя рэч, што, хай нават ў адным, але я пачуваюся як дома.
— Ах вось у чым справа! — зразумела Соня. — Вазьмі тады і другі!
Яна зняла са сваёй нагі тэпцік і працягнула яго Камеце.
— Ты дорыш мне свае тэпцікі? — не паверыла вачам тая.
— Мне не шкада, – усміхнулася дзяўчынка, — Дом — гэта вельмі важна!
— Ур-р-ра! — Камета закруцілася ў танцы. — Цяпер ніхто не назаве мяне валацугай! Я буду хадзіць па космасе ў тэпціках, а значыць увесь космас будзе маім домам!
Радасці яе не было межаў. Яна скокала і смяялася, і Месяц з Шэранькім Ваўчком і Соняй смяяліся разам з ёй.
Нарэшце, расчуленая і шчаслівая Камета абняла ўсіх па чарзе і прапанавала малым адвезці іх назад у пакой. Тыя, вядома ж, пагадзіліся: калі яшчэ палётаеш на сапраўднай камеце!
Усеўшыся да яе на спіну, Соня і Ваўчок развіталіся з Маладзіком, памахалі русалкам унізе і паляцелі. Камета неслася так хутка, што вецер выбіваў слёзы з вачэй. Яны абагналі знаёмага пугача і ў лічаныя імгненні пранесліся праз увесь лес.
Нарэшце, Камета вылецела з-пад ложка і прызямлілася на кілімок. Ваўчок злез першым і дапамог спусціцца Соне. Яны паціснулі Камеце руку і тая, шчаслівая, панеслася назад пад ложак.
Набліжалася раніца. Толькі дзеці могуць усю ноч шукаць пад ложкам тэпцік! Але яшчэ некалькі гадзін можна было паспаць.
Соня легла ў ложачак, а Ваўчок на кілімок.
— Добра сёння прагуляліся, — сказала дзяўчынка.
— Ага, — пагадзіўся Ваўчок. І перад тым як заснуць, сонным голасам дадаў — Ты падай з ложка часцей!