Снег ішоў доўга. Так доўга, што ногі яго ўжо гулі ад стомы, у горле перасохла і вельмі хацелася піць. Снег марыў пра гарачую ванну, уяўляў сабе, як ляжа ў яе і растане ад задавальнення. Снегу хацелася прыйсці дадому.
Але вось бяда – дома ў яго не было. Стаміўшыся ісці, Снег клаўся дзе давядзецца: на зямлі, пад кустом. Ці ўладкоўваў сабе пасцелю ў густых яловых лапах. У дом яго, вядома, ніхто не пускаў.
Бывала, заўважыць Снег прыадчыненыя дзверы, падумае «а ці не мяне тут чакаюць», зазірне нясмела за парог, а яго адтуль мятлой. Вось і даводзілася быць Снегу самотным валацугай.
У гэты раз ён ішоў вельмі доўга і ў канец выматаўся. Мінучы чарговую вёску, ён стомлена зваліўся на калені і толькі памкнуўся прылегчы проста на голую зямлю, як пачуў воклік:
– Гэй, Снег!
Бадзяжнік разгублена павярнуў галаву. На парозе крайняй хаты стаяла бабуська.
– Снег, падыдзі да мяне!
– Я? – асалапеў Снег. Ён не звыкся, каб яго нехта клікаў.
– Так-так, ты!
Снег няўпэўнена ўстаў і падышоў да адчыненых дзвярэй. У цёплай выйме стаяла нізенькая Бабуля з накінутым на плечы вязаным шалем, добрай усмешкай і цёплымі праменьчыкамі маршчынак вакол вачэй. Яна расчыніла дзверы яшчэ шырэй і запрашальна замахала рукой.
– Заходзь хутчэй. Няма чаго хату студзіць.
І Снег нясмела ўвайшоў.
– Сядай да агню, пагрэйся, – клапатала Бабуля, – вох, увесь белы які, яшчэ застудзішся! Зіма сёлета сцюдзёная.
Снег прысеў на кілімок перад камінам і прыціснуў да грудзей стомленыя ногі, абхапіў іх рукамі. Бабуля паставіла паднос з гарачай духмянай гарбатай і слоікам сунічнага сочыва: «частуйся, небарака!», а сама ўселася ў фатэль і весела загрукала спіцам.
– Ну, распавядзі мне, Снег, – папрасіла яна, – у якіх краях ты бываў і якія дзівы бачыў.
І Снег стаў расказваць пра тое, як катаўся на вялікіх белых мядзведзях і скакаў з ледзяной гары ў мора з пінгвінамі. Пра чароўнае паўночнае ззянне і яго смарагдава-малінавыя казкі. Пра суровых каменных троляў, якія гэтак не трываюць шуму, што нават ціхі Снег змушаны хадзіць па іх уладаннях на дыбачках, каб незнарок не пабудзіць гаспадароў. Расказаў ён і пра тое, як любіць каляровыя гірлянды і ўтульнае жоўтае святло ў вокнах дамоў.
– Але самае вялікае дзіва, з якім мне даводзілася сустракацца, – захоплена працягваў Снег, – гэта белыя кветкі пралесак, што з’яўляюцца ранняй вясной на ўзлесках! Гэтыя першацветы давялося мне ўбачыць усяго пару разоў. Сустракаючы іх на сваім шляху, я тут жа адступаў у цень дрэваў, каб сваім холадам не разбурыць далікатнай прыгажосці. Ах, якія ж яны прыгожыя!
Снег летуценна ўздыхнуў. Ад цяпла агню і гарбаты яго размарыла і, згарнуўшыся абаранкам, ён заснуў. Бабуля адклала вязанне і, устаўшы з фатэля, накінула на Снег ваўняны плед.
– Цёплых сноў табе, вандроўнік! – прашаптала яна, і пайшла да свайго ложка.
Снегу снілася вясна і пралескі.
Прачнуўся ён упрыцемкі. Хата астыла. Вядома – колькі халады ад Снегу! Спалохаўшыся, як бы не замерзла добрая Бабуля, Снег ажывіў агонь, падкінуўшы ў амаль прагарэлы агмень дровы, і паціху выйшаў з хаты, шчыльна зачыніў за сабой дзверы.
Памкнуўшыся было ісці зноў, Снег раптам замарудзіўся. Ён вырашыў на развітанні зазірнуць у акенца гасціннай хаты. Там у каміне ўтульна патрэскваў агонь і на ложку ля сценкі спала Бабуля. Добрая, любая Бабуля! Снег паспеў палюбіць яе ўсім сэрцам і ад лішку цёплых пачуццяў у душы ён… растаў.
Больш Снег нікуды не ішоў. Ён расцекся талай лужынай проста там, дзе стаяў – пад акенцам Бабулінай хаты.
А раніцай наступіла вясна. Цёплыя праменьчыкі сонца адагрэлі мерзлую зямлю, і там, дзе ляжаў расталы снег, праз скарынку глебы прабіліся танюткія зялёныя парасткі. Сустракаючы сонца і Бабулю, што выйшла з хаты, яны шырока ўсміхнуліся беласнежнымі сняжынкамі кветак. Гэта былі самыя першыя пралескі.