З гары да мора вядзе доўгая лесвіца. Кожны дзень па ёй спускаюцца і падымаюцца людзі. Лесвіца зусім старая: дзе-нідзе яе прыступкі сашпілены, а праз расколіны ў бетоне прабіваецца трава.
На лесвіцы жыве Вожык. Ён абраў сабе мястэчка павышэй, там, адкуль добра бачна мора. Вожык сядзіць на адной з цэлых прыступак. Некалі яго туды пасяліў маленькі мастак. Вожык намаляваны.
Поруч з намаляваным Вожыкам стаіць намаляваны імбрычак і дзве намаляваныя філіжанкі. У імбрычку заўсёды ёсць цёплая гарбата. Вожык рады падзяліцца ёй з кожным.
Звычайна людзі бегаюць уверх і ўніз, не заўважаючы маленькага намаляванага Вожыка, яны вельмі спяшаюцца па сваіх важных справах. Але час ад часу трапляецца такі чалавек, які, прабягаючы, раптам, спыніцца, разгублена агледзіцца вакол і заўважыць маленькага Вожыка. Вожык усміхнецца чалавеку і прапануе яму гарбаты.
І чалавек сядае на вожыкавую прыступку.
Чалавек і Вожык сядзяць побач і глядзяць на мора, на тое як у яго павольна апускаецца вялікае малінавае сонца, і як блішчаць пад яго праменямі далёкія ветразі караблёў. Слухаюць цягучае вуркатанне хваляў і крыкі чаек. Падстаўляюць твары цёпламу салёнаму ветрыку. Чалавек здымае свае туфлі і ставіць босыя пяты на шурпаты, разагрэты за дзень бетон старых прыступак.
Вось сядзіць чалавек побач з намаляваным Вожыкам, трымае ў руках намаляваную філіжанку і ўдыхае травяны водар намаляванай гарбаты. І ў гэты момант ён раптам востра ўсведамляе сваю сапраўднасць. І такое ўсё вакол слушнае і ўчаснае, такое прыгожае, што на вочы чалавеку наварочваюцца слёзы. Але не ад суму, гэта ад любві да жыцця.
А Вожык ціха ўсміхаецца. Ён таксама любіць жыццё і свет, і чалавека, і ўсіх іншых людзей таксама.
Чалавек ставіць філіжанку на месца, ціха дзякуе намаляванаму Вожыку за гарбату. Вожык ветліва ківае ў адказ. Чалавек устае і ідзе. Але ён ужо не бяжыць наўздагон важным справам, а ідзе спакойна, цешачыся кожным момантам сучаснасці. Туфлі боўтаюцца на шнурках, перакінутыя праз плячо.
А маленькі намаляваны Вожык ставіць грэцца намаляваную гарбату. Ён заўсёды чакае гасцей. Ён глядзіць на апошнія прамені заходу і ўсміхаецца.