Стаяла ясная летняя ноч. Маленькае шэрае мышаня сядзела на гаўбцы старога дома і глядзела ў неба. Дом быў рыплівым, а неба звонкім. Яно звінела незлічонай колькасцю зорак. З усіх канцоў неба зоркі, каметы, планеты і астэроіды сцягваліся да ягонага цэнтра і там, проста над галавой маленькага шэрага мышаняці, закручваліся ў велізарную спіраль галактыкі.
Мышаня глядзела на галактыку і думала: «Ну да чаго ж яна велізарная! Вось я сяджу на гаўбцы невялікага дома, які стаіць на адной з вуліц вялікага горада, а горад гэты з’яўляецца ўсяго толькі маленькай часткай велізарнай планеты. А такіх планет у галактыцы тысяча! Колькі ж мышанят можа змясціць у сабе галактыка? Мільён? Не! Дзесяць мільёнаў. Ці нават дзесяць мільёнаў мільярдаў. Што значыць адно маленькае шэрае мышаня для такой незлічонай галактыкі?»
А велізарная, памерам з дзесяць мільёнаў мільярдаў шэрых мышанят, Галактыка глядзела з космасу ўніз на сіні шарык планеты і на адно маленькае шэрае мышаня, якое сядзіць на гаўбцы старога рыплівага дома.
– Чаму ты не спіш, малеча? – спытала мышаня Галактыка.
– Я думаю, – адказала Мышаня.
– Пра што?
– Пра тое, якая ты вялікая і які я маленькі. Гэта так няўяўна!
– Я цябе разумею, – адказала Галактыка. – Да мяне таксама часам прыходзяць такія думкі, калі я ўглядаюся ў далеч космасу.
– Гэта як? – здзівілася Мышаня.
– Уяві сабе самую маленькую пясчынку на самай маленькай планеце.
Мышаня задумалася.
– Гэта як самы кончык майго хваста?
– Гэта менш чым самы кончык твайго хваста, Мышаня. Такой маленькай я адчуваю сябе, калі гляджу ў бясконцы космас. Адна пясчынка-галактыка сярод мноства іншых пясчынак-галактык.
– Гэта цяжка ўявіць, – сказала Мышаня, – у мяне круціцца галава, калі я спрабую ўявіць сабе непамернасць космасу. Ты кажаш, што ты толькі пясчынка, але для мяне твой памер няўяўны. Галактыка, ты займаеш сабой усё неба і нават больш, хіба ёсць табе справа да маленькага шэрага мышаняці?
– Вядома, – Галактыка пяшчотна ўсміхнулася, – мне ёсць справа да кожнага маленькага мышаняці, які жыве на кожнай з маіх планет.
– Але ты такая велізарная, а я такі маленькі.
– І што ж? Мне цікавае з табой, Мышаня.
Галактыка пацягнулася, як поўсць скудлаціўшы ўсе свае зоркі, і, муркнуўшы ад задавальнення, ізноў звярнулася да Мышаняці.
– Калі ласка, калі табе не складана, раскажы мне што-небудзь цікавае.
І Мышаня стала расказваць. Яно казала Галактыцы пра лета і рамонкі, пра цёплую залеву, пра чабаровую гарбату, пра рыплівыя сходы ў старым доме, пра пах кніг і разагрэтага за дзень асфальту, што прагна глытае першыя кроплі дажджу. І яшчэ шмат пра што.
Маленькае шэрае мышаня казала і казала, а няўяўна велізарная, памерам з дзесяць мільёнаў мільярдаў мышанят, Галактыка ціха варкатала, утульна згарнуўшыся клубочкам на самым кончыку ягонага хваста.