Дзяніска і Дзінька ў Наадваротным горадзе
Бурлівая плынь несла караблік. Вада пенілася і пырскала, ускіпала як у імбрыку, калі паруснік праходзіў парогі і вадаспады.
«Дзінь! Дзінь!» — блямкала рында.
Часам рака разгаліноўвалася, тады вада ў рэчышчы спадала і няхітра было сесці на мель. А часам паварочвала так рэзка, што барты зачэрпвалі ваду. Паруснік улёгкую адольваў перашкоды, бо ў яго быў выдатны капітан!
Але ж на гарызонце з’явіўся не проста вадаспад – вадаспадзішча!
— Дзінь! Дзінь! Дзяніска, глядзі! — караблік замарудзіўся.
— Пройдзем! — капітан упарта падціснуў вусны.
Паруснік несся да стромы. Ён імкнуўся трымацца ў сярэдзіне рэчышча, а вадаспад усё набліжаўся. Скок! Карабель носам увайшоў у ваду, але тут жа вынырнуў, атросся і адкашляўся, перашкода засталася ззаду. Капітан выцер рукой пот з ілба і паглядзеў наперад. Плынь запавольвалася, рака рабілася шырэй і ўпадала ў бязмежнае мора.
Насамрэч, морам была велізарная лужына пасярод двара, а бурнай ракой – ручай, што пакінула пасля сябе густая летняя залева. Ён віхляў па ходніку і вадаспадам саскокваў з высокага бардзюра. А паруснік быў папяровым. Да яго трохкутнай мачты мацаваўся пявучы званочак. Капітан Дзяніска бег следам накіроўваючы судна тонкай кляновай галінкай.
Карабель марыў быць вялікім і плаваць у сапраўдным моры. Капітан таксама хацеў у мора, але мама не дазваляла ўходзіць са двара, вось і даводзілася ім здавольвацца лужынай.
Дзяніска, не здымаючы сандаляў, увайшоў у «мора». Вада была цёплай і даставала ажно да костачак. Вакол ног распаўзаліся кругі, а пад імі рабаціў Наадваротны горад. Што за горад, здзівіцеся? А такі ж, як і звыклы нам, вось толькі ўсё ў ім наадварот: дамы вісяць падмуркамі дагары, а паддашкамі абапіраюцца на аблокі, хадзіць трэба па небе, а над галавой вісіць зямля з усімі яе газонамі, лужынамі і ліхтарамі.
«Вось бы туды трапіць!» — падумаў капітан .
«Вось бы туды трапіць!» — падумаў караблік.
І як толькі яны разам так падумалі здарыўся цуд: капітан і караблік апынуліся проста ў Наадваротным горадзе.
Дзяніска стаяў па костачку ў аблоках, а лужына блішчала высока над ім. З паруснікам увогуле зрабілася нешта няўяўнае: ён вырас! Цяпер капітан мог лёгка змясціцца ўнутры свайго папяровага судна.
— Вось дык так! — захапіўся Дзяніска, аглядаючы караблік.
— Дзінь! ДЗІНЬ! ДЗІНЬ! — Той захоплена блямкаў, але раптам сціх і апусціў вочы.
— Ты чаго, Дзінька?
— Я ўсё яшчэ не сапраўдны, — прашаптаў караблік, — папяровы…
— А, па-мойму, так нават лепш, — заўважыў капітан, — Ты досыць лёгкі, каб плысці па воблачным моры. Давай паспрабуем!
Дзяніска заскочыў у паруснік. Караблік злавіў спадарожны вецер, і яны паплылі па небе.
Дзінь! Дзінь! Дзінь!
Што за незвычайнае плаванне! Белыя аблокі пеніліся вакол бартоў, пад караблём луналі чайкі і галубы. Важна было сачыць і ў час адхінацца ад дахаў хмарачосаў, што шпілямі ныралі ў нябеснае мора.
Дзяніска ўгледзеўся ў падвешаны над імі горад. Дрэвы і ліхтарныя слупы раслі ўніз галавой быццам так і трэба. Машыны і людзі ездзілі і хадзілі дагары нагамі нават не здагадваючыся пра гэта.
Капітан і караблік так захапіліся, гледзячы ўніз — у неба і ўверх — на зямлю, што не заўважылі вялікую шэрую Хмару і на поўнай ходзе ўрэзаліся ў яе.
Хмара забурчала, бы вялізарная мядзведзіца, і нязграбна павярнулася да парушальнікаў спакою. У яе шэра-сіне-фіялетавым футры бліскалі маланкі, а голас Хмары – мядзведзіцы пераліваўся і вуркатаў як гром у навальніцу.
— Гэта хто там пхае мяне ў бок? — прабулькатала яна, — маладыя людзі і караблікі, дзе вашыя манеры?
— Даруйце, — адказалі Дзяніска і Дзінька, — мы не знарок, проста не заўважылі вас.
— Вядома! — сказала навальнічная мядзведзіца, — Складана не заўважыць хмары, калі тая займае палову неба! Пэўна, вы добра глядзелі на ўсё апроч мяне, дык можа вы бачылі майго Хмаранятку?
— Хмаранятку? — здзівіўся капітан, — не, не бачылі.
— Вох, мой маленькі жэўжык! Пагнаўся за сонечным зайчыкам і недзе знік, цяпер вось знайсці яго не магу. — Хмара хліпнула і адразу стала волка.
Капітан і караблік перазірнуліся: «можа мы яго пашукаем?»
— Вох, я буду вам вельмі ўдзячная! — выгукнула Хмара, — Вы такія маленькія і шпаркія, у параўнанні са мной, што зможаце абляцець увесь Наадваротны горад, пакуль я пройду толькі яго палову.
Сябры, нядоўга думаючы, кінуліся на пошукі. Дзінька жвава слізгаў па воблачным моры, а Дзяніска уважліва глядзеў па баках.
Унізе праплывалі аблокі-рыбы, узбоч скакалі аблокі-авечкі, аблокі-коні жавалі воблачную траву і аблокі-птушкі лёталі разам са звычайнымі галубамі, але нідзе не было бачна воблака медзведзянятку.
— Аёюшкі! Ратуйце! — прагучала аднекуль зверху.
— Хмаранятка?! — Дзяніска ўскінуў галаву, а Дзінька рэзка затармазіў і рында заблямкала, разгойдваючыся.
Але не, гэта быў не ён. Над караблікам уніз галавой вісеў Чараўнік. Гарэзлівы вецер хістаў тонкі шпіль, за які той трымаўся з апошніх моцаў.
— Дапамажыце мне, калі ласка!
Дзяніска, не разважаючы, працягнуў Чараўніку руку. Куды ўжо разважаць, калі чалавек у бядзе!
— Хапайся! — крыкнуў ён. — І скокай сюды. Хутчэй!
Чараўнік сціснуў далонь хлопчыка і адпусціў шпіль. Вецер паспрабаваў падхапіць і панесці дзівака, але Дзяніска трымаў моцна. Чараўнік бразнуўся на палубу.
— Аёй! — выратаваны працёр лоб каляровай хусткай, якаю дастаў з кішэні.
Чараўнік быў малады. Зусім яшчэ без барады, затое з густымі рудымі кудзеркамі і вельмі доўгімі нагамі.
— Дзякуй, сябры! — ён паціснуў Дзяніску руку, а Дзіньку борт. — Уяўляеце, я збіраўся трапіць у Наадваротны горад і залез на самы дах самага высокага хмарачоса. Хм… відавочна гэта было не самай лепшай маёй ідэяй. З-за моцнага ветру я ледзь не зваліўся ўніз, а не ўверх, як планаваў. Калі б не вы, сябры, я стаў бы чароўнай аладкай! Хі-хі!
— Дзінь! Добра, што ўсё абышлося, — сказаў караблік.
А капітан спытаў:
— Навошта табе ў Наадваротны горад?
— Я даследую. — Адказаў Чараўнік.
— Што даследуеш?
— Усё даследую. Мне падабаецца знаходзіць нешта незвычайнае і назіраць за ім. На днях, прыкладам, я даследаваў ільвіны сняданак у заапарку і, шчыра сказаць, ледзь не стаў ягонай часткай. А ўвесь мінулы тыдзень я гасцяваў у адной цудоўнай сям’і слімакоў, вывучаючы іх побыт і норавы. Цяпер я ўмею танчыць Слімаковую Джыгу, я пакажу вам як-небудзь, — паабяцаў ён.
Распавядаючы пра свае прыгоды, Чараўнік выняў з кішэні падзорную трубу, працёр яе хустачкай і стаў разглядаць у акуляр неба.
— Вух, прыгажосць якая! — выдыхнуў ён. — Усё такое блакітнае і беласнежнае, і сонейка жоўтае як мёд. Вось толькі не зразумею, што за шэрая пляма на небе.
— Дзе? Пакажы! — зацікавіўся Дзяніска.
Чараўнік працягнуў падзорную трубу хлопчыку і паказаў кірунак:
— Вунь там, проста ля сонца.
Капітан зазірнуў у акуляр і пачаў шукаць пляму, пра якую казаў Чараўнік. І знайшоў! Сапраўды, ля самага сонца быў шэры касматы камяк, дзіўна падобны на медзведзяня.
— Дзінька! — выгукнуў Дзяніска. — Гэта Хмаранятка! Мы знайшлі яго! Руш да сонца!
— Дзінь! Ужо плыву!
Караблік памчаўся, куды паказваў капітан. Ірвануў ён гэтак рэзка, што Чараўнік, страціўшы раўнавагу, плюхнуўся на спіну. Яго доўгія ногі забоўталіся над бортам.
— Сябры мае, — мармытаў ён, падымаючыся, — што адбываецца? Куды вы так спяшаецеся?
Капітан распавёў Чараўніку пра сустрэчу з Хмарай і абяцанне дапамагчы ёй з пошукамі малога.
А гэта і сапраўды быў той самы Хмаранятка. Ён сядзеў пад сонцам, мружачы вочы ад яркага святла, і роў. Дзяніска, Чараўнік і Дзінька таксама зажмурыліся — глядзець на сонца было цяжка. Чараўнік дастаў з кішэні тры пары сонцаахоўных акуляраў.
— Нашу з сабой, на ўсялякі выпадак!
Адныя акуляры надзеў сам, іншыя працягнуў капітану, трэція начапіў на нос карабліка. Цяпер усе маглі спакойна агледзецца.
— Гэй, Хмаранятка! — пагукаў панурае медзведзяня Дзяніска. — Цябе шукае мама. Ходзьма з намі, мы адвядзём цябе да яе.
— Я не могууу, — прароў малы, — я ўлі-і-іп.
— Куды? — здзівіўся Чараўнік.
— У сонечны мё-ё-ёд. Я хацеў яго з’есці, лізаў – лізаў і не заўважыў, як заграз па самыя ву-у-вушы.
Углядзеўшыся, сябры ўбачылі, што медзведзяня прыляпілася да неба глейкім сонечным святлом.
— Ох, і як жа нам цябе выцягнуць?
Усе задумаліся.
— Дзінь! Я ведаю! — выгукнуў караблік. — Дзяніска, тая галінка яшчэ ў цябе?
— Так! — Капітан, адгадаўшы думкі сябра, падняў з палубы кляновую галінку — тую самую, якой гнаў па ручаю Дзіньку, калі той быў маленькім — і працягнуў медзведзяняці.
— Хмаранятка, хапайся!
Малы ўчапіўся лапай за самы кончык.
— Чараўнік, Дзінька, падналяжам!
І ўсе дружна пацягнулі.
Ох, і папацелі ж сябры, выцягваючы медзведзяня з мёду. Цягнулі, крэкчучы, штосілы і выцягнулі. Шпок! —Хмаранятка выскачыў з ліпкай пасткі.
— Дзя-я-якуй! — ён радасна прароў і тут жа пачаў злізваць з сябе рэшткі сонечнага мёду — вось ужо дзе ласун!
Капітан, караблік і Чараўнік таксама пачаставаліся саладосцю, але асцярожна, не залазячы ў мёд па самыя вушы.
Крыху адпачыўшы і падсілкаваўшыся, сябры рушылі ў зваротны шлях.
Хмаранятка бег па небе поруч з караблікам. Яму так хацелася хутчэй сустрэцца з мамай!
І вось, за гаем воблачных бярозак яны ўбачылі мядзведзіцу Хмару.
— Ма-а-ама! — закрычала медзведзяня і кінулася да яе ў абдымкі.
— Малы мой! — Хмара падхапіла і прыціснула да сябе Хмаранятку.
— Дзякуй вам, маладыя людзі, караблікі і…чараўнікі! — правуркатала мядзведзіца. — У падзяку я пачастую вас сваімі сочывамі.
Яна працягнула кошык са мноствам слоічкаў і патлумачыла:
— Зорнае святло я адварыла мінулай ноччу, дадала трохі цукру і жэле атрымалася — пальчыкі абліжаш! Гэта марынаваны грыбны дожджык і закатка са світальным туманам. А вось тут, — Хмара паказала на гліняны збанок, — сонечны мёд, з ім вы ўжо знаёмыя. — Яна перавяла погляд на сына. — А сёй-той нават заблізка!
Сябры душэўна падзякавалі Хмары за гасцінцы. Дзяніска задумаўся:
— Пара б і мне да мамы вярнуцца. Але як? Лезці па шпіле?
— Не ў якім выпадку! — занепакоілася Хмара. — Гэта небяспечна! Лепш я пашлю дождж праводзіць вас дадому.
— Выдатненька! — Чараўнік пацёр рукі. — З дажджом я яшчэ не вандраваў.
— Я таксама! — узрадаваўся Дзяніска. – Ну што, Дзінька, гатовы?
— Ведаеш… — караблік збянтэжана апусціў вочы, — ты толькі не крыўдуй, Дзяніска, але я б хацеў застацца.
Усе замоўклі і паглядзелі на папяровы паруснік.
— Як жа я без цябе? — разгублена спытаў капітан.
— Я таксама не хачу развітвацца, бо ты мой лепшы сябар! — усхліпнуў Дзінька і яго рында ўсхвалявана заблімкала. — Але разумееш… Ну хто я ўнізе? Просты караблік з альбомнага аркушу з крамзолямі. Плыву толькі туды, куды нясе плынь. А тут я амаль сапраўдны карабель. ДЗІНЬ! І плысці магу куды пажадаю.
Капітан падышоў да сябра і абняў яго.
— Для мяне ты заўсёды самы сапраўдны! Як не хачу губляць цябе, Дзінька! — Дзяніска зглынуў камяк у горле. — Але, калі тут табе лепш, хай так! Плыві!
Хлопчык насілу стрымваў слёзы і караблік таксама.
— Ну-ну, — паспрабавала суцешыць іх Хмара, — вы не назаўжды развітваецеся. Можаце плаваць разам у снах колькі пажадаеце! А калі будзе атрымлівацца, хай Дзяніска прыходзіць у Наадваротны горад. Толькі не па даху! — удакладніла яна. — Я абяцаю даглядаць за Дзінькам тут, у воблачным моры. Можа ён пагадзіцца развозіць дожджыкі па небе? Я ж такая павольная, а мой сынок яшчэ занадта маленькі…
— Дзінь! Вядома! — ажывіўся Караблік. — Я буду рады дапамагаць!
Вось так усё і вырашылася.
Капітан і Чараўнік учапіліся за буйныя кроплі летняга дажджу і разам з імі даляцелі да зямлі. А Караблік застаўся жыць у Наадваротным горадзе. Ён часта прылятаў да Дзяніскі ў снах і тады яны адпраўляліся ў вандроўкі па розных цудоўных краінах. Часам да іх далучаўся Чараўнік і яны падарожнічалі ўтрох.
Але гэта ўжо зусім іншыя казкі.