Дом патрэбны ўсім. Нават вандроўнікам.
Жыло сабе бяздомнае Возера. Толькі не блытайце: не бяздоннае, а менавіта бяздомнае. Дно ў Возера мелася – з рыбкамі, каменьчыкамі, багавіннем, – усё як мае быць. А вось дому не было.
Блукала Возера па ўсім свеце. То падымецца ў горы, то спусціцца ў глыбокую цёмную пячору, то ў лесе тыдзень пажыве, то на лузе пад зоркамі заначыць. Часам Возера выбіралася ў людзі і наведвала які-небудзь старажытны горад з замкамі, экскурсіямі і сувенірамі. Ці вялікую сталіцу з хмарачосамі, супермаркетамі і аўтамабільнымі заторамі.
Увогуле, жыццю Возера можна было нават пазайздросціць. Падумайце толькі, як добра вандраваць па свеце, калі ты возера! Не трэба візы афармляць, каб у іншую краіну выбрацца (ніхто яшчэ не прыдумаў візы для азёраў), і нават пашпарт на мяжы не патрэбны (ну адкуль у возера пашпарт?). Ці вось, напрыклад, пажадаеце вы заночыць у парку, але толькі пад кустом на алее ўладкуецеся, як тут жа падбяжыць дзядзька міліцыянер і патлумачыць, што так нельга. А возеру можна. То ж не дзіва – возера ў парку.
Само Возера хоць і разумела ўсё хароство вольнага жыцця, але надта ўжо хацелася яму прыручыцца. А дзе возеру ўзяць дом?
Аднойчы ўвечары прыйшло Возера ў лес. Толькі прылегла яно на ўзлеску і давай па доме тужыць, як нечакана на бераг выйшаў чалавек з заплечнікам. Ён спыніўся, агледзеўся, усміхнуўся і, скінуўшы на зямлю заплечнік, прысеў на пянёк ля самае вады.
— Якое прыгожае возера! – сказаў ён.
Возера сарамліва зардзелася адлюстраваннем заходу.
— Мабыць, я тут пераначую, — вырашыў Чалавек. Ён разпаліў вогнішча і паставіў на беразе намёт.
Возера падбадзёрылася: намёт – гэта не дом, вядома ж, але ўжо нешта.
Палову ночы Чалавек і Возера праседзелі ля вогнішча. Яны балбаталі пра тое сёе. Возера распавядала Чалавеку пра далёкія краіны, у якіх пабывала. Чалавек смяшыў Возера пацешнымі аповедамі са свайго жыцця. Яны моцна пасябравалі.
Увесь наступны дзень Чалавек правёў у лесе з Возерам.
Зранку ён рабіў гімнастычныя практыкаванні, махаючы ў розныя бакі рукамі і нагамі, а Возера, размінаючы свае хвалі, плёскала імі аб бераг. У абед Чалавек зварыў кашу і падзяліўся ёй з азёрнымі рыбкамі. А ўвечары ён выкупаўся ў нагрэтай за дзень парнай азёрнай вадзе. Уначы ля вогнішча яны спявалі песні пад гітару.
Але прыйшла раніца і Чалавек стаў збірацца дадому.
— Ты вельмі мне падабаешся, Возера, — сказаў ён, — але дома мяне чакае сям’я. Я абавязкова прыеду да цябе зноў і вазьму з сабой жонку і дзяцей.
Ён абняў Возера на развітанне, закінуў на спіну заплечнік і пайшоў.
Застаўшыся ў адзіноце, бяздомнае Возера яшчэ колькі дзён пажыло ў лесе, але без Чалавека там было няўтульна. І вось, сабраўшы свае няхітрыя пажыткі – багавінне ды рыбкі, – яно зноў адправілася вандраваць.
Эх, калі б толькі Возера пачакала яшчэ трохі! Бо праз два дні пасля ягонага адбыцця ў лес на грузавіку прыехаў Чалавек. У кабіне, апроч яго, сядзелі двое дзеткаў і прыгожая кабета, а на прычэпе грузавіка стаяў дом. Сапраўдны дом, з ганкам і дахам! Чалавек хацеў паставіць яго на беразе Возера, але ні берага, ні Возера ў лесе ўжо не было.
— Ай-ай-ай! – засмуткаваў Чалавек. — Дзе ж маё любае возера?
Кабета гаротна ўздыхнула, а дзеці заплакалі. Яны наслухаліся аповедаў пра цудоўнае Возера і вельмі хацелі асабіста з ім пазнаёміцца.
— Не хвалюйцеся! – Чалавек узяў сябе ў рукі. – Мы абавязкова знойдзем Возера. Яно не павінна было далёка ўцячы.
Чалавек завёў рухавік, і грузавік з домам на прычэпе пырхаючы памчаўся на пошукі Возера. Ва ўсіх сустрэчных шукальнікі пыталі, ці не бачыў хто паблізу бяздомнага Возера. Ім паказвалі тое ў адзін бок, то ў іншы. Чалавек з сям’ёй і домам ездзілі паўсюль, шукалі і ў снежных горах, і ў гарачых пустэльнях, але ніяк не атрымоўвалася дагнаць Возера. Патэлефанаваць яны не маглі, бо ў азёр не бывае тэлефонаў. Напісаць ліст – таксама, бо ў бяздомных не бывае адрасу. Яны паспрабавалі ўзяць удзел у праграме «Чакай мяне», але дарэмна, бо тэлевізары і ноўтбукі дрэнна працуюць у вадзе.
Здавалася б, Возера страчана назаўсёды. Але лёс злітаваўся над сябрамі і, урэшце яны сустрэліся.
Яны знайшліся ў далёкім прыдарожным кафэ. Чалавек з сям’ёй зашлі ў яго падсілкавацца, і там жа ж спынілася бяздомнае Возера. Яно якраз збіралася пакарміць сваіх рыбак бульбай фры, калі заўважыла знаёмага чалавека.
— Чалавек! – выгукнула Возера.
— Возера! – загаласіў Чалавек.
Яны кінуліся адзін да аднаго ў абдымкі. Кабета радасна запляскала ў ладкі, а дзеці засмяяліся. Чалавек пазнаёміў Возера са сваёй сям’ёй і распавёў пра тое, як доўга яны яго шукалі. І пра тое, як яны зрабілі сабе візы ва ўсе краіны свету, каб знайсці сябра. І яшчэ пра тое, як цэлых пяць дзён яны грузілі свій дом ў прычэп, каб перавезці яго да Возера. І вось нарэшце пасля доўгіх падарожжаў і пошукаў яны разам!
Чалавек з сям’ёй знялі дом з прычэпа грузавіка, паставілі яго на беразе возера і сталі там жыць. Возера па-ранейшаму шмат падарожнічала, але ўжо не адно, а з хатнімі. Зараз дзе б яно не з’яўлялася, на ягоным беразе заўсёды стаяў дом. І ніхто больш не клікаў Возера бяздомным, бо яно стала самым што ні наёсць дамашнім!