Жыло калісь незвычайнае акно. Летуценнае і трохі капрызнае. У той час, калі ўсе вокны вялікага дванаццаціпавярховага дома глядзелі куды трэба – на двор, парк і вуліцу, – гэтае акно глядзела ў космас.

Акно было рамантыкам. Навошта, думала яно, глядзець на такія штодзённыя рэчы, як дарогі, машыны і арэлі, калі можна глядзець на зоркі? Такой жыццёвай філасофіі яно прытрымлівалася.

У гаспадыні акна цёткі Машы была іншая жыццёвая філасофія. Вяртаючыся з працы, цётка Маша прадчувала, як, усеўшыся з кубачкам кавы ля вакна, яна будзе пранікацца жыццём двара, але даводзілася пранікацца жыццём космасу. Замест таго каб глядзець на тое, як цётка Света развешвае бялізну, куды дзядзька Паша паркуе машыну, дзе гуляюць унукі бабы Глашы і хто лузгае семкі ля пад’езда, яна была змушана глядзець на далёкія планеты, каметы, чорныя дзіркі і выбухі звышновых зорак.

Цётка Маша спрабавала спрачацца з акном, але хіба акно пераспрачаеш? Яна купляла самыя розныя сродкі для мыцця вокнаў. Шкло блішчала, але ні містар Пропер, ні містар Мускул не былі здольныя даць рады чарноце космасу за імі. Тады цётка Маша ў раздражненні прымалася аддрайваць зоркі, да якіх магла дацягнуцца. Зоркі пачыналі ззяць з патроенай сілай, але гаспадыня толькі змрачнела.

Цётка Маша прыводзіла ў прыклад свайму акну выхаваныя суседскія вокны.

— Вось у Святланы Віктараўны, – казала цётка Маша, – акно глядзіць на прыпынак, а ў Сяргея з 12-й кватэры – на куст бэзу.

— І што, – адказвала Акно, – табе цікава тарашчыцца на тралейбусы і кусты?

— А чаму б не? – апраўдвалася цётка Маша. – Зусім не абавязкова глядзець проста на дарогу. На бэз хаця б. Ён хутка пачне квітнець. Ведаеш, як гэта прыгожа? А як пахне!

Акно толькі чмыхала і адварочвалася.

Але ўсё ж-такі Акно было спагадлівым, і аднойчы, прыйдучы дадому з працы, цётка Маша ахнула: за яе акном разгортвалася неймавернай прыгажосці бэзавая галактыка.

— Хіба яна горшая за куст бэзу? – спытала Акно.

— Яна вельмі прыгожая! – адказвала цётка Маша. – Толькі шкада, што не пахне.

— Ну, табе не дагодзіш, – буркліва рыпнула Акно.

Цётка Маша зварыла сабе кавы і, усеўшыся ля вакна, стала разглядаць галактыку. Велізарнае і лёгкае, бы цукровая вата, бэзавае воблака з украпваннем залатых, срэбных і сініх зорачак. Галактыка павольна закручвалася спіраллю.

Непадалёк ад яе пралятала ракета. Цётка Маша памахала рукой. Экіпаж міжзоркавага карабля, заўважыўшы ў космасе акно і цётку Машу, вырашыў падляцець бліжэй. На невялікай адлегласці ад акна ракета спынілася, і з яе, апрануты ў тоўсты белы скафандр, выбраўся касманаўт. Ракета не хацела стаяць на месцы і, як непрывязаная лодка на вадзе, мерылася сплысці. Цётка Маша збегала ў ванну і зняла са сцяны бялізнавы шнур, на якім сохлі папраныя рэчы. Адзін канец шнура яна прывязала да ножкі стала, што стаяў поруч з акном, а іншы кінула касманаўту. Той злавіў шнур і завязаў вузел на ракеце. Цяпер яна надзейна трымалася і не магла зляцець далёка.

Касманаўт падплыў да вакна і ўзяўся рукамі за падваконне. Цётка Маша расчыніла раму шырэй і, працягнуўшы касманаўту руку, дапамагла яму залезці. Апынуўшыся ў пакоі, касманаўт зняў свой велізарны круглы шлем і глыбока ўдыхнуў.

— Свежае зямное паветра. Якое хараство!

Потым, пахіснуўшыся, схапіўся за сцяну. Цётка Маша пасунула яму крэсла і прапанавала паабедаць. Касманаўт удзячна кіўнуў. І ў адзін момант з’еў поўную міску баршчу. Цётка Маша прапанавала яму яшчэ.

— Я ўжо некалькі месяцаў у космасе і паспеў адвыкнуць ад чыстага паветра, баршчу і гравітацыі, – казаў касманаўт, даеўшы другую міску. – Мяне завуць Міхал Юр’евіч.

— А я Маша, – сказала цётка Маша і наліла касманаўту Міхасю кубачак кавы. – Чым вы займаецеся ў космасе?

Міхал Юр’евіч з асалодай сербануў каву з ажурнай філіжанкі і адказаў:

— Я разам з іншымі астранаўтамі даследую космас. Хачу разабрацца, як уладкаваны Сусвет, вывучаю ўзаемадзеянне зорак і планет, разлічваю траекторыю руху камет і астэроідаў, назіраю за чорнымі дзіркамі. Я навуковец і магу патлумачыць усё ў нашай Сонечнай сістэме. Праўда вось адчыненага акна сярод адкрытага космасу я пакуль яшчэ аніразу не сустракаў. Гэта неяк не па-навуковаму. Не павінна акно звычайнага гарадскога шматпавярховіка глядзець у космас.

— Не павінна, – згадзілася цётка Маша і пагразіла акну кулаком. – Яно ў мяне ўвогуле дзіўнае.

Акно чмыхнула ў адказ.

Цётка Маша і Міхал Юр’евіч яшчэ трохі пагутарылі, і касманаўт стаў збірацца назад у сваю ракету.

— Вазьміце з сабой боршч, – цётка Маша працягнула касманаўту Міхасю рондаль. – Пачастуеце экіпаж.

— Не магу, на жаль, – развёў рукамі той. – Мы на караблі ямо толькі з цюбікаў. Калі я ва ўмовах бязважкасці адчыню рондаль, то боршч разляціцца па ўсёй ракеце і будзе там плаваць, пакуль мы не вернемся на Зямлю. За гэты час ён, пэўна ўжо сапсуецца. Але дзякуй вялікі за клопат!

— Завітвайце ў госці яшчэ! – папрасіла цётка Маша. Яна працерла шлем Міхала Юр’евіча сродкам для мыцця вокнаў.

— Абавязкова зазірну да вас заўтра!

Касманаўт Міхась надзеў шлем, устаў на падваконне і нырнуў з яго проста ў космас. Падплыўшы да ракеты, ён адвязаў бялізнавы шнур і памахаў цётцы Машы.

Цётка Маша праваджала позіркам ракету, пакуль тая не знікла.

А на наступны дзень касманаўт Міхась прыляцеў ізноў. Як і ўчора, ён прывязаў да ракеты бялізнавы шнур, што матыляўся за вакном і залез цераз падваконне.

— Мае сябры астранаўты папрасілі мяне купіць свежую газету. Ім вельмі хочацца ведаць, што адбываецца на Зямлі, пакуль мы плаваем у космасе.

Цётка Маша расказала касманаўту Міхасю, як знайсці газетны кіёск, і, пакуль ён хадзіў па газету, напякла бліноў. За кавай і блінамі яны зноў шмат гутарылі. Міхал Юр’евіч расказваў цётцы Машы пра чорныя дзіркі і тэорыю адноснасці, а цётка Маша казала пра сваю працу ў раённай паліклініцы і пра тое, што ў цёткі Светы ўчора скралі прасціну, што сушылася ў двары на турніку.

Пасля развітання з касманаўтам Міхасём цётка Маша збегала ў краму і купіла дзесяць цюбікаў зубной пасты. Дома яна выдушыла ўсю зубную пасту ў ракавіну, а ў спусцелыя цюбікі наліла боршч.

Калі наступным вечарам касманаўт Міхась прынёс цюбікі з баршчом на карабель, ягоныя сябры астранаўты былі самымі шчаслівымі. Яны даўно не елі звычайнай зямной ежы, і, хоць у баршчу быў лёгкі прысмак зубной пасты, астранаўты ў адзін голас сцвярджалі, што гэта, безумоўна, самы смачны боршч у іх жыцці. Яны дзякавалі цётцы Машы і прасілі ў наступны раз перадаць ім у цюбіках капусту і тушаныя баклажаны.

Цётка Маша і касманаўт Міхась сустракаліся кожны вечар. Яны пілі каву з пірагамі, елі розныя ласункі, згатаваныя цёткай Машай (яна нават купіла сабе вялікую кухарскую кнігу, каб кожны дзень гатаваць новенькае), і шмат-шмат размаўлялі, гледзячы ў акно.

Акно ў іх гутаркі не ўнікала. Яно глядзела ў космас і думала пра сваё.

Аднойчы ўвечары касманаўт Міхась сказаў цётцы Машы, што гэта апошняя іх сустрэча, бо заўтра ракета павінна ляцець на родную Зямлю. У гэтую сустрэчу яны амаль не размаўлялі, але шмат трымаліся за рукі. Акно ўздыхала.

Днём пазней цётка Маша глядзела па тэлевізары, як прызямляецца на далёкі касмадром знаёмая ракета, як з яе выходзіць знаёмы касманаўт Міхал Юр’евіч і так знаёма махае рукой.

Жыццё працягвалася. Цётка Маша, як і заўсёды, вярталася з працы, сядала ля вакна піць каву, глядзела ў космас і ўздыхала. Яна больш не спрачалася з акном. Бэз адцвітаў.

Аднойчы, прыйдучы дамоў, цётка Маша заўважыла, што нешта не так. Яна яшчэ не зразумела, што дакладна. Стала разглядаць кватэру: стол, крэсла, лядоўня – усё на сваіх месцах, з акна звісае забыты бялізнавы шнур, за акном свеціць сонца, гуляюць дзеці і ездзяць тралейбусы.

Стоп! Цётка Маша, усвядоміўшы, што не так, кінулася да акна.

— Дзе космас? Вярні мой космас! – закрычала яна ў празрыстае шкло.

Акно ў адказ толькі: «Адстань!»

— А ну вярні мне космас! – цётка Маша паспрабавала адчыніць акно, але тое ўпарта заціскала створкі. Тады гаспадыня пачала шараваць шкло сродкам для мыцця вокнаў. Яркі сонечны дзень не змываўся.

Цётка Маша заплакала. Акно забурчала:

— Ніяк табе не дагодзіш. То ты не хочаш космас, то хочаш. Глядзі!

Цётка Маша глядзела. Да прыпынку пад’ехаў чарговы тралейбус. З яго на ходнік вываліла чарговая хваля пасажыраў. Сярод іх быў касманаўт Міхал Юр’евіч. Цётка Маша адразу яго пазнала, хоць надзеты на ім быў не звыклы скафандр, а пінжак. І ў руках ён трымаў не круглы шлем, а букет кветак.

***

Цётка Маша і касманаўт Міхал Юр’евіч сядзелі ля вакна, пілі каву і трымаліся за рукі. За акном павольна і велічна закручвалася неймавернай прыгажосці спіраль галактыкі. Галактыка пахла бэзам.