Лужына нарадзілася маленькай і бездапаможнай і адразу ўступіла ў барацьбу за выжыванне. Яна б жадала пасябраваць з Лёшкам… А ён адразу за анучу! Хіба так робяць? Нават не назваўся!
лужына, зусім яшчэ невопытная, здагадалася, што анучы варта баяцца. Пэўна, у ёй гаварыла памяць продкаў. Яна падцягнула ўсе свае плынныя лапы і заслізгала прэч ад Лёшкі. Ён кінуўся наўздагон. лужына ледзь паспела схавацца пад канапу, калі ануча лізнула пяты.
— Ну пачакай у мяне! — Лёшка патрос кулаком і знік.
Лужына палёгка выдыхнула. Але адпачыць не давялося. Лёшка вярнуўся з даўжэзнай швабрай.
Небарака ўціснулася спінай у сценку і задрыжэла. Швабра поўзала пад самым носам.
— Што я табе зрабіла? — закрычала лужына Лёшку.
— Разлілася! — крыкнуў у адказ хлопчык. — І зараз я цябе вытру!
Ён адклаў швабру і падышоў да канапы ўзбоч. Крэкчучы, налёг на падлакотнік.
— Не ссунеш! Сілаў не хопіць! — няўпэўнена піскнула лужына.
— Ссуну! — упэўнена паабяцаў Лёшка.
лужына не стала выпрабоўваць лёс. Убачыўшы магчымасць збегчы, яна ірванула што моцы з-пад канапы. Слізганула міма кінутай швабры, потым у калідор, з яго на кухню.
— А ну, стой! — хлопчык кінуўся ўслед. Але пакуль ён падымаў і браў напагатоў швабру, лужына паспела кудысці падзецца.
— Дзе ж ты, маленькая лужынка? Хадзі да мяне! — Лёшка краўся па калідоры, выставіўшы перад сабой швабру, як стрэльбу.
Лужына хавалася ў ракавіне паміж дзвюх нямытых талерак. Сэрца шалёна білася, у горле перасохла. Не ўтрымаўшыся ад спакусы, яна пачала злізваць кропелькі з посуду. Адна з талерак бразнула.
— Ага! — Лёшка скокнуў да ракавіны. — Вось ты дзе! Зараз я цябе змыю!
І ён адкрыў ваду. Струмень пацягнуў лужыну да сцёку, яна з усіх моцаў чаплялася за посуд, але мокрыя лапкі саслізгвалі. Небарака зусім выбілася з духу. «Хоць пап’ю наастатку» — падумала яна і раззявіла рот.
Вада перастала цячы ў сцёк, цяпер яна ўся цякла ў лужыну. Лужына прагна глытала і разам з жыватворнай вільгаццю да яе вярталіся сілы. А яшчэ лужына павялічвалася ў памеры.
Лёшка зачаравана глядзеў, як былая маленькая лужынка займае сабой усю ракавіну, а потым выходзіць за яе межы.
«Хутчэй выключыць ваду!» —сцяміў хлопчык. Ён тузануў вентыль, але куды там: лужына тузанула назад.
Уключыць — выключыць… Уключыць — выключыць…
Яны змагаліся, пакуль Лёшка не ўспомніў пра анучу. Ён грозна замахаў ёю над галавой. Лужына скурчылася ад страху і адступіла прочкі. Лёшка пераследаваў. Лужына пацякла ў калідор і, ратуючыся, нырнула ў адчыненыя дзверы. Да няшчасця для Лёшкі, дзверы вялі ў ванную.
Да велізарнага шчасця для лужыны, ванна была напоўненай. Якраз сёння ўранку мама замачыла ў ёй фіранкі. Лужына нырнула ў ванну і з асалодай выпіла ўсю ваду.
Лёшка не паспеў спыніць катастрофы і цяпер павольна падаваўся назад. А лужына павольна падымалася над борцікам.
Не, ужо не лужына — лужышча!
Яна ўперлася галавой у столь і ўлёгкую пераступіла борцік. Фіранкі засталіся ляжаць на пустым дне ванны.
— Ну што, — лужышча ўтаропілася на разгубленага хлопчыка, — дык ты плануеш мяне выціраць?
Лёшка зірнуў на маленькую анучу.
Потам на вялікую лужыну.
І пабег.
Ролі памяняліся: цяпер ужо лужына пераследавала хлопчыка.
— А ну стой!
— Што я табе зрабіў?
Лёшка выскачыў з кватэры і даў дзёру ўніз па лесвіцы. Хутка з працы вернецца мама, яна дапаможа! Яна і не такія лужыны выцірала!
Лужышча цякла следам.
Яны дабеглі да першага паверху, хлопчык пхнуў дзверы і…
Дождж ішоў ужо тыдзень, абрыдзіўшы ўсяму гораду. Пэўна, ён ішоў бы яшчэ столькі ж, калі б яго — весь да апошняй кроплі — не выпіла лужына.
Лужына прагна піла. Лужына прагна хлябтала. Лужына прагна глытала.
А калі дождж скончыўся, задаволеная лужына прылегла адпачыць.
Лёшка стаяў на лаўцы і ацаняў маштаб бедства. Ануча, заціснутая ў руцэ, не змагла б даць рады і з самым краёчкам лужыны.
— Твая ўзяла!
Хлопчык уздыхнуў і апусціўся на лаўку, пабултыхаў нагамі ў вадзе.
— А-то ж! — задаволена булькнула лужына. І дадала: «Як цябе зваць-та?»
— Лёшка.
— Адразу б так! А то ён з анучай… Ні “прывітанне”, ні “бывай” табе…
— Моцна пакрыўдзілася?
— Ёсць трохі…
— Ну прабач…
— Ну добра.
— Давай сябраваць?
— Давай!
Далёка-далёка, на тым беразе лужыны, да прыпынку пад’ехаў аўтобус. З яго выйшла мама.
— Мама! — Лёшка падскочыў на лаўцы і замахаў. — Мама, прывіт! Мам… Я тут крыху вады разліў… Гэта ж нічога, праўда?