Калі Неба было маленькім, ніхто яшчэ не сяліўся на планеце Зямля. Ні птушкі, ні казуркі, ні людзі. Нават трава там не расла. Толькі цёмны салёны акіян слаўся ўнізе ды вострыя шэрыя скалы ўзвышаліся над ім. З усіх жыхароў — маленькае Неба і вялікі Космас.

Маленькаму Небу было сумнавата – гуляць-та няма з кім. Часам, вядома, вялікі Космас забаўляў Неба гутаркамі, ды ўсё нейкімі дарослымі  і філасоўскімі.

– Як думаеш, – пытаў, прысеўшы на адну з шэрых скал, вялікі Космас у маленькага Неба, – дзе канчаецца ўсё?

– Што – усё? – не разумела Неба.

– Усё. Проста ўсё, – адказваў Космас. – Я такі велізарны, што не ведаю нават, дзе канчаюся я сам. Але нешта ж яшчэ павінна быць апроч мяне. Што гэта? І дзе яно канчаецца? Колькі месца займае ЎСЁ?

Маленькае Неба толькі жмурылася і трэсла галавой. Яно не магло зразумець думак вялікага Космасу, яно было яшчэ надта маленькім.

Неба бегала па голай зямлі, бултыхалася ў моры акіяне і лазіла па вострых скалах. Гэта былі зразумелыя для яго забаўкі. А думаць пра тое, што такое ЎСЁ і дзе яно канчаецца, Небу і ў розум не прыходзіла. Такія вялікія думкі пакуль не змяшчаліся ў ягонай маленькай галаве.

Аднойчы па восені Неба купалася ў акіяне. Вядома, купацца ўвосені, асабліва пазней, не самая лепшая ідэя – так можна і застудзіцца.  Але хіба маленькія думаюць пра такія дробязі? Неба ўвесь дзень плёскалася ў пеністых барашках халоднага восеньскага мора, было так весела, што за гульнёй яно нават не заўважыла, як пакрылася мурашкамі і ссінела ад холаду.

А назаўтра Неба захварэла. Яго біла дрыготка і пяршыла ў горле.

– Ох, якое гарачае! – спужаўся вялікі Космас, прыклаўшы сваю руку да лба маленькага Неба. – Ды ў цябе, сябрук, тэмпература!

– Аааапчхі! – чхнула маленькае Неба.

– Будзь здаровым! – адгукнуўся Космас. – Расці вялікім!

По-добраму трэба было б заварыць хвораму гарбаты і накарміць яго малінавым сочывам, але Зямля была знежывелая і ні зёлак, ні маліны на ёй яшчэ не расло.

Вялікі Космас узяў малое Неба на рукі і, атуліўшы шурпатым зорным пледам, стаў яго ўкалыхваць. Ён клаў яму на гарачы лоб халодную мокрую анучку, каб збіць тэмпературу. Любоў і клопат старога Космасу дапамаглі малому Небу акрыяць, і зноў устаць на ногі.

Тэмпературу атрымалася збіць, горла больш не балела, але застаўся катар, і ад гэтага катару Неба ўвесь час чхала. Прачхала Неба ўсю доўгую зіму. На кожны чых малога Космас адгукаўся: «Будзь здаровым! Расці вялікім!»

Неба здаравела і расло. За зімой прыйшла вясна. З наступам цяпла Неба нарэшце вылечылася ад катару і перастала чхаць. Але да гэтага часу ад зычанняў Космасу маленькае Неба вырасла. Яно стала вялікім. Не такім бясконцым, як Космас, вядома, але дастатковага росту, каб заняць сабою ўсю знежывелую планету.

Неба падцягнулася і адужэла. Космас не пераставаў цешыцца сваім маленькім сябрам. Цешыліся ім і зямля, і горы, і мора. Пад такім прыгожым і здаровым Небам як не заквітнець? Знежывелая зямля парасла кветкамі і лясамі, мора ўпрыгожылася багавіннем, горы пакрылі свае падножжы травой, а на вострыя галовы надзелі пухнатыя шапкі снегу (пэўна, каб не застудзіцца, бо наверсе холадна). Неўзабаве на планеце завяліся рыбкі, птушкі, казюлькі і людзі. Усім хочацца жыць пад красуном Небам. А Небу больш ніколі не будзе самотна – бо столькі сяброў і суседзяў вакол!

Але і пра старога сябра Космаса яно не забывае. Начамі Космас спускаецца на Зямлю і вядзе з юным Небам доўгія гутаркі. Небу філасоўскія разважанні Космасу сталі трохі больш зразумелымі. Цяпер яму і самому цікава разабрацца, што такое ЎСЁ і дзе яно канчаецца. Некалі Неба абавязкова гэта даведаецца!