Слон быў цяжкі на пад’ём, сапраўдны дамасед. Уласная вальера і цёплая ежа тры разы на дзень — што яшчэ трэба для шчасця? Ён не разумеў мітуслівых вераб’ёў, гатовых сарвацца з наседжанага месца і паляцець куды вочы глядзяць толькі таму, што ім стала нудна. Зрэшты, і не асуджаў: хай кожны жыве, як яму хочацца, а слану і тут добра.
Жыццё слана было прадказальнае і спакойнае. Раніцай гімнастыка і сняданак, у абед суп і салодкая дрымота, на заходзе вячэра і гутаркі пра тое-сёе з малпамі.
Сёння ж усё пайшло цераз пень калоду. Гімнастыка была, сняданак быў, а далей…
Вязка каляровых шароў адчапілася ад штангі і ўзнялася ў паветра якраз поруч з вальерай слана. Той вырашыў дапамагчы гандляру і схапіў шнурок хобатам. Слон быў вялікі, але і шарыкаў апынулася нямала.
Усім, хто праходзіў той раніцай побач, давялося ўбачыць, як у неба ўздымаецца слон.
Капыты чыркнулі па піках агароджы, і вальера стала імкліва аддаляцца. Ягоная любая, родная, утульная вальера!
— Не хачу! Не хачу! — галасіў слон. — Адпусціце мяне!
Ён бездапаможна перабіраў нагамі ў паветры. Ад вышыні круцілася галава. Слон зажмурыўся, каб не памерці са страху. Яму нават здалося, што ўсё не напраўду: зараз ён прачнецца і зразумее, што то быў кашмарны сон. Але, прыадкрыўшы адно вока, слон пераканаўся ў поўнай кашмарнасці рэчаіснасці. Кашмарная вышыня, дом кашмарна далёка, аблокі кашмарна блізка, а шароў кашмарна многа. Небарака зарыдаў.
— Гэй, слановая хмарка, хопіць крапаць! На засуху, здаецца, не скардзімся! — вясёлы галасок прагучаў над самым вухам.
Слон заціх і азірнуўся. Поруч з ім ляцеў маленькі ўскалмачаны верабей.
— Дапамажы! — узмаліўся слон. — Я хачу дадому!
— А я хачу быць птэрадактылем! Што ты мне прапануеш рабіць? Падхапіць цябе лапкамі і данесці да заапарка?
— Прыдумай што-небудзь!
— Ну, хочаш шарыкі палопаю? Сам даляціш?
— Не! — слон мацней сціснуў шнурок.
— Тады паслабся і цешся лётам! Зірні, якое хараство пад намі!
Слон мацней зажмурыўся і закруціў галавой.
— Такая вялізная і такая баязлівая хмарка! — падцвельваў верабей. — Раскажу малпам, то смеху будзе!
Слон не хацеў, каб яго выставілі перад малпамі баязліўцам. Ім толькі нагоду дай — зняславяць на ўвесь заапарк!
Ён ізноў няўпэўнена прыадкрыў адно вока, потым іншае. Зямля здавалася такой далёкай і такой… прыгожай!
Пад сланом павольна праплывалі двары і дарогі, паркі і сажалкі, масты і хмарачосы. Над сланом ляцелі аблокі. Першы раз у жыцці ён бачыў іх так блізка.
— Ну як табе? — спытаў верабей.
— Неверагодна!
Яму ўсё яшчэ хацелася дамоў. «Але дзеля такой прыгажосці, — падумаў слон, — можна і затрымацца трохі».
Раптам неба счарнела ад крылаў.
— Каррр! Каррр! Што гэта тут такое? Сло-о-он? На шара-а-ах? Вось забава! Каррр! — смяяліся вароны. — А сам ляцець зможаш?
«Бум!» — прагучала ў слана над галавой. А потым яшчэ «бух» і «бах» — вострыя шэрыя дзю́бы білі па шарах.
— Гэта нашае неба! Правальвай!
Некалькі дзясяткаў шароў павіслі знежывелымі анучкамі, і слон стаў зніжацца.
«Бум! Бух! Бах!» — Вароны не спыняліся.
— Гэй, вы! Адчапіцеся ад яго! —верабейка адважна кінуўся на хуліганак.
— Гэта яшчэ што за драбяза!
Шары перасталі лопацца, і слон палёгка выдыхнуў. Але радасць яго была нядоўгай.
— Вой, хмарка, ратуй! — закрычаў верабей.
Злыя вароны атакавалі птушку. Верабейка ледзь ухіляўся ад вялікіх крылаў, вострых кіпцюроў і магутных дзюбаў.
— Кыш! Кыш! — закрычаў слон, але вароны не звярталі на яго ўвагі. Ён злаўчыўся і пхнуў адну з птушак капытом. Тая закулялася ў паветры.
«Бум! Бух! Бах!» — ізноў прагучала над галавой.
— Будзеш ведаць, як умешвацца ў нашыя справы!
Слон паглядзеў пад ногі — зямля была ўсё бліжэй. Потым ён знайшоў позіркам вераб’я. Той саслабеў і адбіваўся з апошніх сілаў.
Тады слон загаманіў: — Дурныя індычкі! Абскубаныя качкі! У вас мазгоў — як у куранят!
Абражаныя вароны ўсёй чарадой наляцелі на шары, і пабіты верабейка змог ад іх вышмыгнуць.
Слон імкліва зніжаўся. Цэлых шарыкаў хапіла б для больш-меньш мяккай пасадкі, але тут здарылася тое, што вымусіла яго расціснуць хобат і адпусціць вяроўку: слабы верабейка не ўтрымаўся на дрыготкіх крылах і каменем паваліўся уніз. Слон паспеў злавіць сябра, але шары разляцеліся ў розныя бакі.
Усім, хто праходзіў у той дзень побач, давялося ўбачыць, як з неба валіцца слон.
Ён бы бахнуўся з грукатам, зваліся ледзь-ледзь лявей. Ці з трэскам — ледзь-ледзь правей. Але слану пашанцавала. Пад ім была мыльная фабрыка, і зваліўся ён роўненька ў велізарны чан з вадкім мылам.
Слон штосілы боўтаўся, імкнучыся ўтрымацца на плаву, але ўсё адно немінуча ішоў да дна. Толькі хобат, з заціснутым у ім верабейкам, тырчаў над мыльным возерам. І тады слон пачаў піць. Ён піў і піў вадкае мыла, пакуль чан не спусцеў.
Дырэктар мыльнай фабрыкі патэлефанаваў дырэктару заапарка, і той неадкладна прыехаў. Даставаць слана з чана давялося пад’ёмным кранам. А для таго, каб давезці небараку дадому, спатрэбіўся велізарны грузавік.
Слон сядзеў у прычэпе і азіраўся. Усе гэтыя вуліцы і дамы, паркі і масты ён бачыў з неба. І вось што дзіўнае: у шмат якіх месцах слану захацелася пабываць і вывучыць іх бліжэй. А можа быць, нават наведаць новыя, зусім незнаёмыя гарады і краіны.
— Я быў бы не супраць палётаць ізноў! — нечакана для самога сябе сказаў ён вераб’ю́.
— Яшчэ палётаем, хмарка! Вось толькі крылы адпачнуць… — верабейка сядзеў на галаве ў слана, ляцець сам ён пакуль не мог.
— Станеш птэрадактылем і паднімеш мяне ў неба? — засмяяўся слон.
— А чаму б і не! — падміргнуў верабей.
Вядома, верабейка не ператварыўся ў птэрадактыля. Такога не бывае! Але здарылася нешта іншае.
Аднойчы вечарам, калі слон у трыццаць трэці раз распавёў малпам пра сваю прыгоду, а верабей у соты раз пацвердзіў, што ўсё гэтак і было, падзьмуў моцны вецер. Воблака пылу атачыла слана, і ён аглушальна чхнуў. З хобата пачалі вылятаць мыльныя бурбалкі. Слон чхнуў яшчэ раз і яшчэ…
Слон быў вялікі, але і мыльных бурбалак апынулася нямала! Усім, хто праходзіў у той вечар побач, давялося ўбачыць пачатак яшчэ адной прыгоды.