Прывітанне! Я Эльга Папова. Я малюю карціны і пішу казкі. Хіба ёсць праца прыемней?!

Як мастачка я працую ў тэхніках алейнага і акрылавага жывапісу, а таксама Digital Art. Ілюструю дзіцячыя кнігі.

Як  пісьменніца пішу казкі і вершы. На дадзены момант маю чатыры выдадзеных кнігі.

Эльга Попова

Адразу сумленна прызнаюся: я не чараўнік…

Я толькі вучуся!

У маім арсенале вялікі выбар чароўных палачак: пэндзлі, алоўкі й асадкі, стылус ад iPad. О, так! Ствараць Сусветы на палотнах і старонках — сапраўдная магія!

Я малявала заўсёды. Адзін з самых першых успамінаў — як я гады ў тры самазабыўна фарбую ў альбоме. Потым так жа натхнёна чыркаю цвіком па чужой машыне (тады мая творчасць упершыню падпала пад жорсткую крытыку).

Я расла і малявала на ўсім, чым магла і калі толькі атрымлівалася: на палях сшыткаў у школе, на пяску галінкай і вугольчыкам па дзеравяшцы ў паходах, на шпалерах дома і на асфальце ў двары. Настаўнікі, спрабавалі скіраваць маю творчую энергію на мірныя мэты, таму насценгазеты я таксама малявала. А яшчэ прыдумляла для іх вершы. Гэта ў мяне нядрэнна выходзіла. Казкі фантазіяваліся самі. Я адначасова магла жыць у двух светах: рэальным — там, дзе ўрок незразумелай матэматыкі і сваім — дзе ножкі парты аблытвае плюшч, у сшыткі зашыфраваны загавор супраць выкліку да дошкі (эх, паспець бы разгадаць пад час!), а над галавой праплываюць рыбы і плююцца зоркамі.

Першыя свае казкі я пачала запісваць гадоў у дзесяць. Нейкія — жартаўлівыя, якія абгульваюць рэальнасць — зачытвала сябрам, і мы разам смяяліся і прызначалі на ролі злыдняў шкодных настаўнікаў. Іншыя паказвала толькі маме. Трэція — нікому.

Мае бацькі заўсёды давяралі мне, не спрабавалі зрабіць “слушную дзяўчынку”, прымалі мяне такой, якой я была, давалі шмат свабоды, падтрымлівалі. Я бегала басанож па вуліцах, разам са старэйшымі сёстрамі цягала дадому жывёл, скакала на конях, страляла з самаробнага (тата дапамагаў майстраваць!) лука і з’язджала на ровары за кальцавую, бо там быў лес! А яму я заўсёды аддавала перавагу перад горадам. Мама з татам бралі мяне ў паходы з трох гадоў (нядзіва, што пазней свой дом і майстэрню я пабудавала ўдалечыні ад цывілізацыі — жыць на прыродзе я марыла з дзяцінства).

Я здзівілася, калі даведалася ад іншых дзяцей, што ім нельга маляваць на сценах над сваім жа ложкам. А мне нават у галаву не прыходзіла, спытаць. Больш за тое — дома мне мне даручылі размаляваць шафу на вітальні, і гасцей з парога сустракалі крывенькія танканогія аднарогі.

У пачатковай школе я вучылася па эксперыментальнай праграме, дзе раскрываліся творчасць і ўнікальнасць. Калі ж давялося перайсці ў звычайны клас, я апынулася ў ім белай варонай. Упершыню сутыкнулася са здзекаў за «непадобнасць» у 12 гадоў, а ў 15-16 я стала ахвярай вельмі жорсткага булінгу. Мяне білі, замыкалі ў прыбіральне, выварочвалі на галаву гаршчок з кактусам, запалохвалі расправай пасля ўрокаў, спрабавалі рэзаць і падпальваць валасы, я перажывала бясконцыя цкаванні і маральныя зневажэнні. Настаўнікі спускалі ўсё на тармазах, маўляў, дзеці самі разбяруцца, звароты па дапамогу, прыводзілі да яшчэ большага здзеку.

А дапамагалі мне мае выдуманыя сусветы, здольнасць сыйсці ў фантазіі і перамагаць злодзеяў там. Мая творчасць ратавала мяне, не даючы паехаць дахам, а цвёрды маральны компас і вальналюбства дазволілі застацца сабой.

У дзясяты клас мае крыўднікі не перайшлі, і я змагла скончыць школу спакойна, а пасля паступіць у ветэрынарны коледж.

Я вельмі люблю жывёл, у мяне былі коткі, сабакі й коні. Але, нягледзячы на абраную прафесію, мяне ўсё мацней цягнула да пакінутых у скрыні фарбаў. У чарговы раз скардзячыся лепшаму сябру (а ў наступстве мужу) на тое, як мне хочацца маляваць, я пачула: «хадзі ў майстэрню, жанчына! Тваё месца за мальбертам!»

І я пайшла. Аддала ўвесь час палотнам і альбомам. Шмат вучылася, наведвала пленэры, майстар-класы мастакоў, чый стыль мне падабаўся (Анастасія Балыш, Аляксандр Маранаў). Я спрабавала розныя тэхнікі, але найлепей раскрылася ў акрылавым і алейным жывапісу, а таксама ў лічбавай ілюстрацыі (Digital Art).

Першая мая персанальная выстава адбылася ў 2014-м годзе, калі мне было 25, з той пары яны праходзяць амаль без перапынку («Сны вясны», г. Масква, «Цёплыя казкі», г. Мінск, «Чараўніцтва ў далоньцы», г. Гомель і мноства іншых). Выдадзена дзесяць кніг з маімі ілюстрацыямі (мае ўласныя і іншых аўтараў: Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), Таццяна Дамаронак, Аляксей Нарэйка).

Што да пісьменніцкага майстэрства — мною праслухана мноства разбораў тэкстаў і лекцый (у тым ліку ўлюбёнага пісьменніка Уладзіслава Крапівіна). Я прайшла два курсы па дзіцячай літаратуры ў анлайн-школе Band, дзе сярод лектараў былі вядомыя пісьменнікі (Ніна Дашэўская, Алена Усачова, Станіслаў Вастокаў) і выдаўцы (Самокат, Clever, Нигма).

У 2015-м выйшла мая першая кніга — зборнік вершаў «Волшебство — оно повсюду», пазней дзве кнігі выпусціла выдавецтва «Беларусь»: «Мои сказки» і «Пра барашку Небарашку». У 2024-м у выдавецтве «Янушкевіч» выйшла мая аповесць «Мора ў горадзе ці “З’ехала на вакацыі. Цалую, Мора!””. Некалькі маіх аповедаў апублікаваны ў зборніках пераможцаў літаратурных конкурсаў (“Чу!Детство”, “Конкурс имморт фантастики”), так жа па выніках конкурсу ў выдавецтве АСТ рыхтуецца да выпуску мая аповесць “Снежный Понь” Я працягваю вучыцца, дасканаліць сваё майстэрства і ў маляванні, і ў пісьменніцтве, асвойваць новыя тэхнікі і інструманты.

Казкі — з фарбаў і словаў — былі і застаюцца маёй рэальнасцю, неадымнай часткай жыцця і самой маёй асобы. І я вельмі рада, што яны сталі маёй працай. Гэта так цудоўна мець магчымасць працаваць «самой сабой»!